Скандалы

Арыштаваны Аляксандр Шакуцін

Як стала вядома Нашай Ніве, Аляксандр Шакуцін — колішні фаварыт Аляксандра Лукашэнкі, сябар юнацтва палітыка і «бізнэсмен удачы» пры ім жа, стаў фігурантам крымінальнай справы і быў затрыманы ў пачатку тыдня.

Аляксандр Шакуцін

— Аляксандра Васільевіча забралі і адвезлі ў СІЗА. Дзе Шакуцін цяпер, невядома. Але як мінімум з аўторка ён начуе не дома. Пакуль адзінае, што можна сказаць, гэта што справу вядзе Дэпартамент фінансавых расследавання: падаткі, вядзенне справаў на «Амкадоры», — паведаміў «Нашай Ніве» суразмоўца.

Мы дакладна не ведаем ні артыкул, які інкрымінуецца Шакуціну, ні сэнс абвінавачванняў.

Аднак беларуская практыка паказвае, што персанажы яго калібру найчасцей апынаюцца адразу ў СІЗА КДБ, а не праходзяць праз Акрэсціна і нейкія іншыя СІЗА.

Аляксандр Шакуцін

Раней «Наша Ніва» ўжо расказвала, што траекторыя лёсу Шакуціна нагадвае сітуацыю з Юрыем Чыжом.

Маючы за кошт сяброўства з Лукашэнкам проста нерэальныя рынкавыя перавагі кшталту магчымасці масавых прыватызацый на банкаўскія грошы, ільготныя крэдыты, спісанні даўгоў, перакрэдытаванні дзяржавай, прамоцыю на расійскім рынку і гэтак далей, што Чыж, што Шакуцін так і не змаглі за дзесяцігоддзі «лафы» стаць паспяховымі бізнэсменамі.

Чыж цяпер судзіцца са сваёй сям'ёй за парэшткі былой бізнэс-імперыі. А Шакуцін загнаў «Амкадор» у банкроты і зрабіў праблемай дзяржавы свой гіганцкі — у сотні мільёнаў даляраў — доўг перад кітайцамі.

У сакавіку 2025 года «Наша Ніва» паведаміла, што Лукашэнка адабраў у Шакуціна «Амкадор», перадаўшы прадпрыемства пад кантроль БелАЗа.

Шакуцін некалькі месяцаў яшчэ заставаўся бенефіцыярам і саўладальнікам некалькіх заводаў і дыстрыб’ютарскай сеткі «Амкадора» ў Расіі, але таксама выйшаў з доляў.

У канцы красавіка 2025 года Лукашэнка наведаў «Амкадор» і сказаў, што «найбліжэйшым часам давядзецца вельмі моцна папрацаваць на «Амкадоры», які знаходзіцца ў складаным становішчы праз дзеянні [мінулага] ўладальніка».

Аляксандр Лукашэнка прыязджаў да цешчы разам з блізкім асяроддзем — у тым ліку з Шакуціным. Злева направа: тэнісны трэнер Сяргей Цяцерын, Віктар Лукашэнка, спявачка Алена Ланская, Аляксандр Лукашэнка, Алена Жаўняровіч, асабістая доктарка кіраўніка краіны Святлана Канашэнка, тэлевядучая Паліна Шуба, Аляксандр Шакуцін.

***

ААТ «Амкадор» — беларуская машынабудаўнічая кампанія. Займаецца вытворчасцю і рэалізацыяй спецыяльных машын для дарожна-будаўнічай, лагістычнай, торфаздабыўной, камунальнай, лясной, сельскагаспадарчай галін. У структуру холдынгу «Амкадор» уваходзілі больш за 25 прадпрыемстваў.

Аляксандр Шакуцін нарадзіўся ў 1959 годзе ў вёсцы Вялікае Бабіна Аршанскага раёна. Пачынаў як трактарыст калгаса «Радзіма». Закончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт па спецыяльнасці «хірург». Працаваў загадчыкам хірургічнага аддзялення 10‑й мінскай бальніцы, дырэктарам медцэнтра МТЗ.

У якасці прэзідэнта прадпрыемства «Праммедінвест» займаўся пастаўкамі медыцынскага абсталявання. Стаў акцыянерам «Амкадора», узначаліў кампанію. Быў членам Савета рэспублікі, узначальваў Беларускую тэнісную федэрацыі.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 1.4(11)