А калі пералічыць на душу насельніцтва, то нас апярэджвае Коста-Рыка. У той жа час у Польшчы, Літве, Латвіі колькасць навуковых публікацый на душу насельніцтва ў 5 разоў большая, а ў Эстоніі — у 10 разоў!
Церашковіч: «Сёння Акадэмія навук — гэта акадэмія пенсіянераў. Для моладзі там няма ніякіх перспектыў»
Дарадца Святланы Ціханоўскай па навуцы і адукацыі Павел Церашковіч — пра катастрафічнае становішча ў беларускай навуцы.
— Зразумела, што навука ніколі для Лукашэнкі не была прыярытэтам, — адзначыў Павел Церашковіч на Еўрарадыё. — Гэта бачна па таму, колькі дзяржаўных грошай выдаткоўваецца на развіццё навукі.
Ёсць індыкатар — колькі дзяржава выдаткоўвае на навуку ад ВУП. У Беларусі зараз гэта 0,5%, у пачатку нулявых гадоў было ў два разы болей.
Сённяшні сярэднесусветны ўзровень — дзесьці 2,5% ад ВУП на навуку, але, напрыклад, у Швецыі — каля 5%, а лідар па выдатках на навуку — Ізраіль, там 6,5%.

У Беларусі навука знікне, сцвярджае навуковец. Ён пералічвае галоўныя фактары, якія сведчаць пра катастрафічную сітуацыю ў гэтай галіне.
— І сітуацыя с заробкамі катастрафічная, і моладзь не ідзе ў навуку.
Акадэмія навук — гэта акадэмія пенсіянераў. Для моладзі там няма ніякіх перспектыў.
Памятаю, як некалькі гадоў таму мяне здзівіла гісторыя маладога чалавека, якога размеркавалі пасля БДУ ў Акадэмію. Калі я скончыў універсітэт, у мяне была мара трапіць у Акадэмію, у аспірантуру. А тут чалавек заплаціў дзяржаве некалькі тысяч долараў толькі за тое, каб там не працаваць.
І гэта паказчык, што моладзі там няма. Там наогул амаль кадраў не засталося. Таму што на навуку не выдаткоўвалі грошы.
І тое, што робіцца з фінансаваннем навукі, гэта таксама проста суцэльная катастрофа. Ёсць міжнародныя крытэрыі, міжнародны рэйтынг, якія ацэньваюць узровень развіцця навукі.
Гэта колькасць публікацый у прызнаных аўтарытэтных навуковых выданнях: агульная і колькасць на душу насельніцтва.
І вось у агульным заліку Беларусь дзесьці на канцы шостага дзясятку. Па колькасці навуковых публікацый нас апярэджвае, напрыклад, Непал, які ўвогуле лічыцца краінай трэцяга свету.
Міжнародныя рэйтынгі добра дэманструюць і тое, чаму так адбываецца. Ёсць такі глабальны індэкс ведаў — ён кампазітны, складаецца з дзясяткаў паказчыкаў.
У гэтым індэксе становішча Беларусі ў цэлым па навуковым даследаванні дрэннае — 66 месца пасля Паўночнай Македоніі, але мы апярэдзілі Батсвану.
Там ёсць такія паказчыкі, як спрыяльнасць асяроддзя —сацыяльнага, палітычнага, эканамічнага — для навуковых даследаванняў. І па гэтым паказчыку, высвятляецца, што мы вельмі далёка, у канцы, на ўзроўні Танзаніі.
А калі ўзяць якасць кіраўніцтва, то ўвогуле са 141 краіны, якія былі ў рэйтынгу, у нас 131 месца. Наперадзе нас нават Гвінея. Вось у чым справа.
У Савецкім Саюзе кіраўніка Акадэміі навук выбіралі акадэмікі, членкоры. Лукашэнка гэта змяніў, ён іх сам прызначае, таму там з’яўляюцца людзі, у якіх адносіны да навукі абсалютна ніякія.
Мясніковіч і Каранік — ну якія яны навукоўцы, якія яны акадэмікі? І сярод акадэмікаў ёсць, напрыклад, такі акадэмік Гусакоў, які пэўны час быў кіраўніком Акадэміі навук.
Ён нават не засвоіў у XXI стагоддзі камп’ютар і з гэтага зрабіў ідэалогію, што і не трэба нам гэтых «заходніх рэчаў», сапраўдны навуковец як Ламаносаў павінен рукой пісаць свае тэксты на паперы.
Мне распавядалі, што яму справаздачы пісалі ад рукі па 40-50 старонак. І той, хто пісаў ад рукі, быў узнагароджаны прэміяй.
Але самае галоўнае — гэтая сістэма. У Беларусі Акадэмія навук —гэта такое міністэрства навукі, завод па вытворчасці навукі.
А ў краінах, якія з’яўляюцца лідарамі, увогуле такой установы можа не быць. А калі ёсць — я ў свой час выступаў у Брытанскай каралеўскай акадэміі навук — то гэта клуб навукоўцаў, проста месца, дзе яны збіраюцца, дзе праводзяцца дыскусіі, даюць узнагароды і ўсё.
Сёння навука робіцца інакш. Каб яна працавала, патрэбны навукова-тэхналагічны кластар, у якім галоўную ролю адыгрываюць універсітэты, там дзе навука ствараецца.
Бо галоўнае месца навукі – ні Акадэмія навук, ні інстытуты, застойныя, спарахнелыя, а ўніверсітэты. І навуковец павінен выкладаць. А ў нас атрымліваецца, што навука нібыта толькі ў Акадэміі, а ва ўніверсітэтах ёй амаль ніхто не займаецца.
Міністр адукацыі ў мінулым годзе пахваліўся, сказаў: «У мяне 30% выкладчыкаў займаецца навукай». Гэта значыць, што 70% навукай не займаюцца. А калі яны не займаюцца навукай, ім няма чаго рабіць ва ўніверсітэце.
Навука ствараецца, калі ідзе спалучэнне і калі студэнт атрымлівае самае новае, што адбылося. Павінны быць універсітэты, лабараторыі, бізнес-карпарацыі, якія ўсё гэта падтрымліваюць.
Патрэбна інфраструктура: інфармацыйная, фінансавая, лагістычная і г.д. Тады і ўтвараецца штосьці падобнае на Сіліконавую даліну.
І, канешне, грошы — вельмі істотна. Нядаўна з’явілася інфармацыя, што Камітэт дзяржкантролю заняўся справай, куды пайшлі грошы, выдаткаваныя на электрамабіль. І там гаворка ідзе пра 20 тысяч беларускіх рублёў, 50 тысяч. Вы за гэтыя грошы зробіце электрамабіль?
Ці там хтосьці Лукашэнку ў Віцебску абяцаў вакцыну ад кавіду. За такія грошы?
Каб зрабіць новыя лекі, у сусветнай фармакалогіі патрэбны мільярд долараў і 12 гадоў. А калі трэбы было тэрмінова, то Pfizer зрабіў паспяховую вакцыну, у якую з партнёрамі яны ўклалі 2,5 мільярды долараў.
То-бок Лукашэнку проста развялі і ён паверыў. Мне здаецца, ён абсалютна не разумее, як працуе гэта сфера.
Калі разглядаць навуку як галіну эканомікі, я параўноўваў, то самыя вялікія разбуральныя наступствы яго ўмяшальніцтва былі менавіта ў навуку. Ён яе забіў.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное