Общество

Юлія Кот

«Гаворка пра міністра альбо пра тумбачку ў кабінеце дыктатара?»

Чаму ў Беларусі нестае медыкаў-мужчын (і наогул медыкаў). Урач Станіслаў Салавей патлумачыў «Салідарнасці», ці магчыма выправіць гендарную няроўнасць у беларускай медыцыне.

Медыцына — адна з самых жаночых сфер у Беларусі. Звыш 95% медработнікаў малодшага і сярэдняга звяна і больш як 75% лекараў — жанчыны. Пры гэтым праца ў іх цяжкая, у тым ліку і фізічна, часта ненармаваная, і зусім нярэдка — нізкааплатная, у параўнанні ў нагрузкай.

Замест таго, каб з гэтым нешта рабіць, улады пагражаюць медыкам большым тэрмінам размеркавання, фактычна легалізуюць перапрацоўку, ды яшчэ ўводзяць штучныя абмежаванні, напрыклад, пры наборы на спецыяльнасці хірургаў і анестэзіёлагаў наўмысна прымаюць менш дзяўчат.

А як магла б выглядаць гендарная роўнасць у гэтай галіне, і ці тое  наогул магчыма?

Гэтыя пытанні «Салідарнасць» абмеркавала з лекарам, намеснікам прадстаўніцы АПК па сацыяльнай палітыцы, адным з лідараў незалежнага прафсаюза медыкаў Станіславам Салаўём.

— Нават калі не браць адмену ідыёцкіх квот на хірургічных спецыяльнасцях, я б перадусім задаўся пытаннем: чаму так мала мужчын працуюць сярод сярэдняга і вышэйшага медыцынскага звяна?

А тлумачэнне вельмі простае: праца — складаная, яна нізкааплатная, таму на халеру яна мне патрэбная.

То бок, мужчыны проста не хочуць ісці ў гэтую сферу. А праз зменянне ўмоў працы, іх паляпшэнне не патрэбныя будуць ніякія квоты. Трэба ўсяго толькі зрабіць, каб у медыцыне хацелі працаваць, усе, і жанчыны, і мужчыны.

— То бок, выйсце прасцей, чым падаецца — перастаньце казаць пра пакліканне, плаціце нармалёва, і людзі пойдуць у медыцыну?

— Насамрэч яно цяжэй, чым падаецца.

Бо па-першае, мы маем дэмаграфічную яму — насельніцтва старэе, патрэба ў лекарах і медычных сёстрах павялічваецца, а больш іх не становіцца.

Па-другое, дэфіцыт медработнікаў уласцівы ўсім краінам.

Утрымліваць іх тымі метадамі, як гэта робіць улада ў Беларусі, нельга — гэта супрацьзаконна, па 32 гадзіны працы запар альбо нагружаць у 6 разоў болей пацыентаў, чым прадугледжана нормамі. Таму альбо працягваць «часам не да законаў» — і што зменіцца? Альбо нас чакае калапс. І гэта вялікі выклік.

Мы разумеем, што адток медыкаў будзе працягвацца, пакуль у прынцыпе адчыненыя межы. Паспрабуй ты, утрымай спецыялістаў, гатовых з’ехаць.

 «Заліць» грашыма — гэта было б выйсце, але ў Беларусі такіх грошай няма, мы не Саўдаўская Аравія.

Таму адзінае выйсце, якое я бачу, каб усё ў сістэме не навярнулася і каб было не настолькі кепска, як гэта можа быць — часовая стабілізацыя, каб даць час на рэформы той кіроўнай сіле, якая прыйдзе да ўлады дэмакратычным шляхам.

Далей спатрэбяцца грунтоўныя рэформы, але іх ужо мусіць прымаць цалкам дэмакратычны ўрад. Бо ёсць розныя падыходы, як больш сацыялістычны (медыцына — гэта права чалавека), так і больш камерцыйны (медыцына — гэта выгоды, за якія трэба плаціць).

Пытаемся ў Станіслава Салаўя, што менавіта дапаможа выйграць час для рэформаў: мо, развіццё штучнага інтэлекту, і віртуальныя асістэнты кшталту Doctorina, распрацоўкі беларускіх ІТ-адмыслоўцаў і лекараў?

— У Беларусі зашмат непатрэбнага ложкавага фонду ў шпіталях. Можна будзе зачыніць непатрэбныя шпіталі і ложка-месцы, зменшыць бюракратычную нагрузку на лекараў, запаўненне папер, візіты па хатах да людзей — гэта дасць пэўную палёгку.

Што да ШІ — перакананы, з лагам у 5 гадоў у свеце ўжо будуць цалкам аўтаматызаваныя шпіталі, год праз 10 з’явяцца ШІ-хірургі. Гэта тое, што можа змяніць карціну сферы аховы здароўя, але ж проста цяпер існуючых праблем не вырашыць.

Але спадзявацца на ШІ-мадэлі, што яны закрыюць недахоп медыкаў і нам не спатрэбяцца рэформы, не выпадае. Тэхналогіі палегчаць працу медыкаў, але каб замянілі іх — да гэтага яшчэ вельмі і вельмі далёка.

— Калі казаць пра развіцце, а не дэградацыю медыцыны — ці мае значэнне, хто каля руля? Прыкладам, у Беларусі за ўсю сучасную гісторыю, больш чым сто год, было ўсяго дзве міністаркі аховы здароўя…

— Я б нават дадаў, што апошнія гадоў 20 у нас наогул не было ніводнага міністра аховы здароўя.

Кавід яскрава паказаў, што кіраўнік Мінздароўя не мае ніякага ўплыву. Усё ж падчас  эпідэміі ў медыкаў павінны быць развязаныя рукі — а калі міністру кіроўным воклічам забараняюць масачны рэжым уводзіць, то, прабачце, гаворка пра міністра альбо пра тумбачку ў кабінеце дыктатара?

Не ведаю, што лепей — каб міністэрствам «руліў» лекар ці таленавіты адміністратар, эканаміст. На маю асабістую думку, лекар у міністэрскім крэсле непатрэбны. Трэба, каб быў кіраўнік, які трошкі разумее ў медыцыне, але не вырашае, як лячыць сухоты ці інфаркт — гэтым займаюцца пульманолагі і кардыёлагі адпаведна.

Мінздароўя, на маю думку, мусіць быць праслойкай паміж дзяржавай, медыцынскімі супрацоўнікамі і пацыентамі, якая стварае ўмовы, каб сістэма працавала найлепшым чынам. Адказвае за фінансавы бок, агульнае кіраўніцтва і арганізацыю. А за лячэнне — медыкі ў шпіталях.

Ці будзе кіраваць жанчына, ці мужчына, не прынцыпова, калі стае кампетэнцый і экспертнасці. Унутры ж прафесійнай супольнасці і арганізацый гендарны баланс мусіць быць. І  рашэнні павінныя прымацца не аднаасобна, па-дыктатарску, а калегіяльна, тут таксама важны гендарны баланс.

Гэта працуе не толькі з гледзішча дэмакратыі, але і здаровага сэнсу, дадае лекар: паводле статыстыкі, мужчыны аперыруюць трошкі хутчэй, але з большай колькасцю ўскладненняў, а жанчыны-урачы — даўжэй па часе, аднак ускладненняў менш.

— Таму я за гендарны баланс у медыцыне. Адзінае выключэнне — сістэма Дэпартаменту выканання пакаранняў мусіць быць радыкальна рэфармаваная, і вось там кантроль і рашэнні павінны быць за жанчынамі. Бо ў цяперашнім выглядзе турэмная сістэма ў Беларусі — проста катавальня.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 4.8(18)