Филин

Юлія Кот

Карбалевіч: Беларускі ўрад імкнецца прымусіць Вільню да перамоў на палітычным узроўні

Филин абмеркаваў з палітычным аглядальнікам Радыё Свабода Валерам Карбалевічам абвастрэнне беларуска-літоўскіх стасункаў і куды завядзе чарговы крызіс у іх.

Надзвычайная сітуацыя ўведзеная ад 9 снежня па ўсёй Літве. Такое рашэнне прыняў урад гэтай краіны з-за пагрозы нацыянальнай бяспецы, у сувязі з паветранымі шарамі з кантрабандай, якія працягваюць ляцець з Беларусі.

У тым ліку, як паведаміла LRT, Сейм тэрмінова разгледзіць праект пастановы, якая на тры месяцы пашырыць паўнамоцтвы вайскоўцаў — яны змогуць правяраць дакументы, даглядаць транспартныя сродкі, затрымліваць асоб, якія падазраюцца ў злачыннай дзейнасці, ужываць спецсродкі.

Пры гэтым МУС Літвы запэўнівае, што прынятыя меры не спрычыняць нязручнасцяў грамадскасці, бо «будуць мэтанакіраванымі, сувымернымі і арыентаванымі выключна на арганізатараў і выканаўцаў незаконнай дзейнасці».

Што рэальна дасць увядзенне надзвычайнага становішча? На думку палітычнага аглядальніка Радыё Свабода Валера Карбалевіча, практычны сэнс гэтага рашэння пакуль не вельмі зразумелы.

— Гэта, хутчэй, дзеянне палітычнае, — зазначае спадар Карбалевіч у каментары Филину. — Яно павінна адлюстраваць нейкую палітычную пазіцыю літоўскага ўраду, які цяпер знаходзіцца пад моцным ціскам.

Валер Карбалевіч

З аднаго боку ўздзейнічаюць беларускія ўлады: грузавікі, зонды, перашкоды працы аэрапорту, а з іншага, ёсць унутраны ціск літоўскай грамадскасці: гаспадары грузавікоў збіраюцца ладзіць акцыю пратэсту, незадаволеныя людзі, якія церпяць ад спынення працы віленскага аэрапорту, увогуле некаторыя авіякампаніі задумваюцца над тым, каб спыніць ці скараціць рэйсы ў Вільню, гэта вялікія страты і эканамічныя, і рэпутацыйныя.

У медыях, парламенце, апазіцыі гэта амаль што галоўная тэма палітычнага парадку дня. Таму ўрад Літвы павінен нешта рабіць — і робіць тое, што можа. Задзейнічае ў тым ліку міжнародныя чыннікі.

Тут і апеляцыя да ЕС, які рыхтуе новыя санкцыі менавіта з-за сітуацыі на беларуска-літоўскай мяжы, і заклік да міжнародных авіяцыйных структур, якія мусяць неяк рэагаваць, і апеляцыя да амерыканцаў — наколькі я разумею, рыхтуецца візіт у Мінск дэлегацыі ЗША, і літоўцы вельмі спадзяюцца, што атрымаецца дамовіцца на гэты конт.

Разам з тым выкарыстоўваюцца і ўнутраныя механізмы: павелічэнне адказнасці за ўдзел у кантрабандзе цыгарэт, пошук спосабаў збіваць гэтыя паветраныя шары.

У гэтым шэрагу стаіць і рашэнне аб надзвычайнай сітуацыі — каб паказаць літоўскаму грамадству, што ўрад не спіць, урад думае над шляхамі вырашэння праблемы і дзейнічае рашуча.

Праўда, дадае Валер Карбалевіч, не зусім зразумела, як гэтая мера ўздзейнічае на беларускі бок.

— Такім чынам, Вільнюс не паддаўся на шантаж грузавікамі і не пайшоў на палітычныя перамовы з Мінскам, затое прадэманстраваў, што гатовы дзейнічаць рашуча. Ці гэта значыць, што пэўная нармалізацыя стасункаў яшчэ больш аддаляецца?

— Выглядае, што так. Беларускі бок, па тым, што мы бачым, не надта зацікаўлены ў вялікім размарожванні. Для іх пытанне прэстыжу, прарыву ізаляцыі, ціску на Літву вельмі важнае. Але думаю, што справа не толькі ў гэтым.

Мяркую, тое, што беларускі ўрад імкнецца прымусіць Вільню да перамоў на палітычным узроўні — гэта жаданне ўключыць у іх не толькі пытанні грузавікоў, зондаў, але і пытанне санкцый. Каб Літва адмяніла нейкія абмежаванні, якія можа, нават у межах рашэнняў ЕС.

Ва ўсякім разе, да візіту амерыканскай дэлегацыі ў Мінск, да перамоў з Джонам Коўлам, наўрад ці нешта зрушыцца ў гэтым плане. Але ж візіт павінен адбыцца вельмі хутка.

Фота: DELFI / ORESTAS GUREVIČIUS

— На ваш погляд, ці не занадта вялікія спадзевы на яго ўскладаюць і Літва ў чаканні дапамогі, і Беларусь, якая, магчыма, разлічвае атрымаць пэўныя прэферэнцыі? ЗША ж перадусім гуляюць на сваім баку?

— Натуральна, што кожная краіна перадусім гуляе на сваім баку, гэта аксіёма міжнароднай палітыкі. Але разам з тым бачна: у гэты перамоўны трэк спрабуюць уключыцца і розныя іншыя краіны.

У прыватнасці, Украіна — згадаем, што нядаўна быў вызвалены з беларускіх турмаў 31 украінскі грамадзянін, і афіцыйна паведамлялася, што гэта адбылося ў межах перамоўнага працэсу Беларусі і ЗША.

Затым палякі намякаюць, што яны таксама разлічваюць у рамках гэтага перамоўнага працэсу на вызваленне, перш за ўсё, Анджэя Пачобута, але, магчыма, і манаха Гжэгажа Гавэла, іншых грамадзян Польшчы.

Так і літоўцы спрабуюць, так бы мовіць, упісацца ў гэты трэк. Што атрымаецца, сказаць цяжка. Але казаць, што зусім нічога не выходзіць, таксама не выпадае. Не бяруся рабіць прагнозы, ці атрымаюць літоўцы тое, што хочуць, але ж не выключаю гэтага.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3.3(18)