Да нас уварваліся ў кватэру, а 6-й раніцы, хоць і паводзілі сябе даволі тактоўна, варта аддаць належнае. Дазволілі адвезьці да бабулі дзяцей, яны ня бачылі жахлівых момантаў. Але затрыманьне маёй жонкі паказвае ўсю сутнасьць сыстэмы. Гэтыя 10 дзён, пакуль жонка ня выйшла на свабоду, былі для мяне самымі цяжкім.
Лабковіч: «Я думаў, што такое было магчыма толькі сто гадоў таму на тэрыторыі нацысцкай Нямеччыны або савецкай Расеі»
Праваабаронца з 25-гадовым стажам трапіў за краты пасьля пратэстаў 2020 году ўпершыню. Уладзь расказаў Радыё Свабода пра ўражаньні ад чатырохгадовага падарожжа па турмах Беларусі, пра эмоцыі ад узьяднаньня з роднымі, адказвае на пытаньне, ці мае злосьць на сваіх катаў.
Уладзь Лабковіч, 47 гадоў, юрыст, праваабаронца «Вясны». Быў арыштаваны 14 ліпеня 2021 году разам з Алесем Бяляцкім і Валянцінам Стэфановічам, праз два гады яму прысудзілі сем гадоў пазбаўленьня волі, абвінаваціўшы, сярод іншага, у «фінансаваньні групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак». Вызвалены і вывезены зь Беларусі ва Ўкраіну 13 сьнежня 2025 году.
«Пайшлі з дачкой па барах»
Сям’я чакала Ўладзя Лабковіча ў Вільні. Жонка, дачка і двое сыноў-двайнятаў, якім споўнілася 12 гадоў. Іх Уладзь ня бачыў чатыры з паловай гады. Неўзабаве пасьля яго арышту летам 2021 году ўсе яны зьехалі зь Беларусі.
— 26 сьнежня ў маёй дачкі быў дзень народзінаў, — расказвае Ўладзь. — Ёй споўнілася 18 гадоў. А калі мяне затрымалі, ёй было 13. І гэта сапраўды ўражвае. Бо для нас, для дарослых, 4-5 гадоў ня так шмат. Ніхто з нас за гэты час не зьмяніўся. А для дзяцей гэта цэлая эпоха. І гэта новы чалавек, я зь ёю нанова знаёміўся, вучыліся сябраваць.
Мы ёй зрабілі падарунак, а ўвечары пайшлі ўдвох па ейных любімых месцах у Вільні, у бары. Толькі я і яна. Яна ўжо абсалютна дарослы чалавек, і гэта было адным з самых прыемных момантаў для мяне пасьля вызваленьня.
Уладзь кажа, што за кратамі пэрыядычна траціў сувязь з роднымі. Лісты ад іх не маглі даходзіць цягам некалькіх месяцаў і нават паўгоду. Спатканьняў не было.
— Я вельмі ўдзячны сваім родным, што ў нас хутка аднавілася сувязь, — кажа Ўладзь. — Але гэта, вядома, вельмі кранальны момант быў для мяне. Я ў Вільні выйшаў з аўтобусу, прабіваўся празь людзей, якія таксама хацелі пабачыць сваіх блізкіх, праз журналістаў прабіраўся да сваёй сям’і. І гэта для мяне сапраўды самае галоўнае, я ня буду гэтага хаваць.
Тое, што ў самыя змрочныя моманты мяне трымала — калі я заплюшчваў вочы і ўяўляў, як пабачу сваю сям’ю. Таму за кратамі і б’юць па гэтым. Абрываюць гэтыя сямейныя, роднасныя сувязі.
Уладзь Лабковіч расказвае, што сачыў, як растуць яго дзеці, па фатаздымках. Дачка і сыны цяжка перажывалі разстаньне. Асабліва ў першыя часы. 14 ліпеня 2021 году разам з Уладзем Лабковічам сілавікі затрымалі і яго жонку Ніну, якую пратрымалі за кратамі 10 дзён. Калі сям’я Лабковіча змагла выехаць зь Беларусі ў Літву, то ўсе яны пэўны час атрымлівалі псыхалягічную дапамогу.
— Я вельмі ўдзячны людзям, якія аказвалі дапамогу маёй сям’і, маёй жонцы, — кажа Ўладзь. — Яны вельмі цяжкі стрэс перажылі.
Уладзь прызнаецца, што адчуў палёгку, калі яго сям’я зьехала зь Беларусі. Але пачуцьці былі падвойнымі. Быў таксама сум і жах ад таго, што ён можа ніколі больш не пабачыць сваіх родных. Уладзь прызнаецца, што былі моманты, калі ён думаў, што за кратамі назаўсёды і для яго гэтае зьняволеньне ніколі ня скончыцца.
—Ніне было цяжка адной, — гаворыць Лабковіч. — Я лічу, што яна сапраўдная гераіня. Я вельмі-вельмі яе кахаю, я ў захапленьні. Яна вялікая малайчына, што перанесла ўсё гэта. Як яна змагалася за мяне, за «Вясну», як дапамагала, як сябе паводзіла падчас шматлікіх допытаў і тых пагрозаў, якія чула ад сьледчых. Разумеючы, што можа ў кожны момант апынуцца за кратамі, а дзеці трапяць у дзіцячыя дамы. Я ўвогуле лічу, што нашыя сем’і, нашыя жонкі і сёстры — яны вялікія малайцы.
Уладзь дадае, што ўражаны таксама вялікай салідарнасьцю з палітвязьнямі і іхнымі сем’ямі, якую праяўляюць беларусы. З словаў Лабковіча, ціхую падпольную салідарнасьць і падтрымку адчувала і яго маці, якая засталася ў Беларусі.
У свой першы вольны вечар зь сям’ёй ён усё ж зайшоў у віленскі офіс «Вясны». Прызнаецца, што гэта ня вельмі ўзрадавала яго жонку Ніну. Там ён упершыню за ўвесь час пасьля суду пабачыў Алеся Бяляцкага. Пасьля гэтага сям’я Лабковічаў паехала дадому і прагаварыла да самай раніцы.
— Я не апавядаў, што са мной адбывалася ў турме, за кратамі, — прызнаецца Ўладзь. — Я слухаў, што адбывалася ў іхным жыцьці. Казаў, наколькі я ім удзячны за лісты, якія мне пісалі. Так прайшоў першы вечар. Ён быў ужо перадкалядным. Мы хадзілі гуляць. Пасьля пачаліся сямейныя клопаты, што падарыць дзецям. Яны ведаюць, што Санты няма. Але падарункі пад елачку ад яго мы робім. Дзеці пішуць яму лісты, гэтая сямейная гульня засталася.
Уладзь Лабковіч кажа, што ў першыя дні пасьля вызваленьня і сустрэчы з роднымі ў Вільні меў адчуваньне, што турмы ў ягоным жыцьці не было. Вызваленьне і падарожжа ў Літву праз Украіну былі вельмі драматычнымі, дадалі адрэналіну і эмоцыяў.
— Мне здавалася, што не было ўвогуле ніякай турмы, — кажа Ўладзь. — Мазгі вырашылі, што гэта быў сон. І зараз — наступны дзень пасьля таго, як я прачнуўся.
Але цяпер эмоцыі крыху адышлі, і ты разумееш, што ўсё гэта, на жаль, было, і мы праз усё гэта прайшлі. І, на вялікі жаль, вялікая колькасьць людзей цяпер праз усё гэта яшчэ праходзіць. Гэта адбіваецца на эмоцыях, на настроях, на думках. Спатрэбіцца доўгі час, каб усё гэта стала гісторыяй.
Цяпер Уладзь праводзіць час пераважна з роднымі. Абмяркоўвае зь дзецьмі фільмы, якія яны павінны перагледзець з бацькам, будучыя падарожжы.
Удар па кіраўніцтве «Вясны»
Уладзь Лабковіч згадвае, што летам 2021 году, перад затрыманьнем, «вясноўцам» ужо было зразумела, у якім кірунку разгортваюцца рэпрэсіі. Першыя ўдары па «Вясьне» былі ў лютым 2021 году, калі прайшлі ператрусы ў актывістаў арганізацыі. Тады частка каманды «Вясны» пераехала ў Літву, у Вільню перанесьлі інфармацыйны цэнтар, куды прыходзілі зьвесткі пра тых, хто патрабуе дапамогі.
— У чэрвені–ліпені было ясна, што гэта не канец, што ўдар будзе нанесены і па кіраўніцтве «Вясны», — кажа Уладзь. — 4 ліпеня мы з Валянцінам Стэфановічам вярнуліся з Грузіі, дзе былі ў працоўных справах. І ўжо ў аэрапорце была бачная зьмена стаўленьня да нас. У першую чаргу да мяне. Быў асабісты надгляд, у мяне забралі ўсе грошы, носьбіты інфармацыі. Мы і нефармальныя сыгналы атрымлівалі пра тое, што рыхтуюцца ўдары па праваабарончым руху.
Лабковіч прызнаецца, што перад арыштам кіраўніцтва «Вясны» абмяркоўвала магчымасьць ад’езду за мяжу, але было вырашана, што ўсе застануцца, каб арганізацыя працавала ў ранейшым рэжыме.
— Гэта было прынцыповым і важным, — узгадвае Лабковіч. — Ну, яшчэ адзін дзень. Яшчэ адзін дзень. Заўтра абмяркуем гэтае пытаньне. Заўтра пачнем эвакуацыю. А пасьля яшчэ заўтра. Мы працавалі ў той час у аднадзённым рэжыме, скажам так.
«Вясна» была створаная ў 1998 годзе, Уладзь Лабковіч пачаў працаваць у арганізацыі ў 2000-м. Праваабаронца прызнаецца, што арышт у ліпені 2021 году фактычна стаў першым сур’ёзным арыштам у ягоным жыцьці. Дагэтуль яго асабістае знаёмства з рэпрэсіўнай сыстэмай абмяжоўвалася кароткімі адміністрацыйнымі затрыманьнямі ў даўнія маладафронтаўскія часы.
— Мне неяк шанцавала, — кажа Ўладзь. — Я ня моцна задумваўся пра гэта ў свой час. Затрымлівалі мяне ня раз, але, дзякуй Богу, да ліпеня 2021 году ўсё сканчалася штрафамі ці проста вызваленьнямі. Шанцавала, скажам так. Затое пасьля я навярстаў.
Лабковіч прызнаецца, што падзеі 2020 і 2021 гадоў праваабаронцам «Вясны» перажываць было прасьцей, чым большасьці ўдзельнікаў пратэстаў. Яны памяталі 2010 год, які. хоць ня быў параўнальны з 2020-мі маштабам рэпрэсіяў, але дазволіў арганізацыі змабілізавацца і аказаць дапамогу пацярпелым, зафіксаваць факты перасьледу, запусьціць міжнародны ціск на ўлады Беларусі.
— Але падзеі 2020-га… Ня ведаю, ці магу так сказаць за Алеся Бяляцкага ці Валянціна Стэфановіча, але я сам не чакаў такога, — прызнаецца Лабковіч. — Я да канца ліпеня спадзяваўся, што такой хвалі рэпрэсіяў ня будзе. Не разьлічваў, што будзе такая хваля пратэсту, уздыму грамадзтва. Я абсалютна не прагназаваў такія падзеі, для мяне яны сталі нечаканымі.
Але мы дастаткова хутка пачалі рэагаваць. Працавалі 24 гадзіны на содні, спрабавалі выцягнуць людзей, скласьці сьпісы затрыманых. Зрабіць усё магчымае, каб мінімізаваць наступствы рэпрэсіяў.
Уладзь узгадвае таксама, што неўзабаве пасьля 9 жніўня 2020 году кіраўніцтва «Вясны» правяло невялікую сустрэчу, дзе абмяркоўваўся маштаб рэпрэсіяў. Тады ўсім ужо было зразумела, што такіх падзеяў у краіне не было ніколі.
Праваабаронцы вырашылі сканцэнтравацца на двух кірунках дзейнасьці — дапамозе пацярпелым і фіксаваньні катаваньняў. Тады акурат пачалі выходзіць першыя вязьні Акрэсьціна і іншых ізалятараў, якія прынесьлі зьвесткі аб падзеях першых пасьлявыбарных дзён.
«Лабковіч! Твайму Бяляцкаму далі Нобэлеўскую прэмію!»
За час увязьненьня Ўладзь Лабковіч зьмяніў каля сямі розных установаў. Пачаў з ІЧУ на завулку Акрэсьціна, пасьля быў СІЗА № 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, затым калёнія № 17 у Шклове, якую Лабковіч называе сумна вядомай і «самым цяжкім месцам паводле ўзроўню ціску і гвалту». Акрамя іх, былі турма № 4 у Магілёве, СІЗА КДБ у Менску, новае СІЗА ў Калядзічах, турма ў Жодзіне.
— У камэры СІЗА КДБ былі ў асноўным дзяржаўныя службоўцы, — узгадвае Ўладзь. — Яны рэагавалі на мяне вельмі прыязна. Пра «Вясну» ведалі ўсе, пра Бяляцкага ведалі ўсе без выключэньня. Трэба сказаць, што я быў адрэзаны ад інфармацыі, а ў іх там быў тэлевізар.
І ўвогуле гэта былі людзі, якія мелі добрую камунікацыю з воляй і ня так даўно апынуліся за кратамі. Яны мне шмат апавядалі. Вельмі прыязна ставіліся, яны мяне адкармілі, падлячылі. Бо турэмны рэжым у Магілёве слаўны ціскам праз голад. Увогуле кожная такая ўстанова мае свой спосаб ціску на людзей.
Навіну аб Нобэлеўскай прэміі міру для Алеся Бяляцкага Ўладзь Лабковіч засьпеў падчас зьняволеньня ў СІЗА на Валадарскага ў Менску. Ён узгадвае, што тады інфармацыйная блякада была не такой моцнай і зьвесткі з волі часам даходзілі нават праз канваіраў.
— Па-мойму, гэта было нават у сам дзень прысуджэньня прэміі, — расказвае Ўладзь. — Я быў у камэры, мы тады знаёміліся з матэрыяламі крымінальнай справы. Чакаў, калі мяне зноў выведуць у кабінэт, дзе гэта адбывалася. І тут адчыняецца «кармушка», грукае канвойны і кажа: „Лабковіч, Лабковіч! Хадзі сюды!» Я падыходжу, кажу яму: «Ну што?» А ён мне: «Ты ня ведаеш, я толькі што пачуў. Твайму Бяляцкаму далі Нобэлеўскую прэмію!»
Я яму адказваю: ды ну, досыць жартаваць, ерунда нейкая. Не веру я ў гэта. А ён настойвае: «Ды дакладна. Я перад выхадам на працу пагартаў усе гэтыя вашыя каналы, пераправерыў. Ня фэйк». Ён такі радасны быў, нават павіншаваў мяне.
Лабковіч кажа, што, нягледзячы на шчырыя пачуцьці канваіра, усё ж не паверыў яму да канца. Празь некалькі дзясяткаў хвілін, у чарзе ў «кабінэты», ён сустрэў самога Бяляцкага.
— Кажу яму: Алесь, вас можна віншаваць? Вы атрымалі Нобэлеўскую прэмію, — узгадвае Ўладзь. — Ён мне адказвае, што нічога ня ведае пакуль. Не ўяўляе, што гэта так. Пакуль рана яшчэ віншаваць, маўляў. Пасьля мяне адвялі ў пакой да сьледчага, і першае, што ён мне сказаў: «Я ніколі ня думаў у жыцьці, што буду дапытваць нобэлеўскага ляўрэата».
Я яму адказаў, што слава, вядома, такая сабе. Але гэта можа стаць найвялікшай падзеяй у жыцьці. І ён адказаў, што дакладна. Я толькі тады паверыў, што ўсё гэта пра Нобэлеўскую прэмію праўда.
Праваабаронца кажа, што першай эмоцыяй з гэтай нагоды была радасьць. Хоць Уладзь таксама разумеў, што атрыманьне Бяляцкім Нобэлеўскай прэміі можа ня лепшым чынам паўплываць на будучы прысуд і стаўленьне адміністрацыі турмаў. Але сам момант быў радасным.
— Мне пасьля жонка яшчэ на Валадарскага змагла перадаць майку Нобэлеўскага камітэту, — узгадвае Ўладзь. — На ёй зьнізу ўверх былі пералічаныя ўсе ляўрэаты Нобэлеўскай прэміі міру за кожны год. І на самым версе было напісана «Алесь Бяляцкі, 2022».
Я яе захаваў, яна зараз са мной тут. Гэта майка, якая прайшла са мной усё. Для мяне было важна гэта — такі сымбалізм супрацьстаяньня. Не сканфіскавалі яе. Насіць нельга было, толькі ў СІЗА на Валадарскага насіў. У калёніях і турмах забароненае адзеньне з прынтом, толькі чорнае можна.
Майку захоўваў у асабістых рэчах. І праз шматлікія ператрусы ніхто ня мог зразумець, што гэта за майка. Праз усе, акрамя апошняга разу. Калі мяне ўжо пакавалі перад вызваленьнем, якое я не ўспрымаў як вызваленьне. Міліцыянэр разглядаў рэчы і раптам зразумеў. Кажа: «Нішто сабе ты маечку захаваў». Я адказаў: хай ужо яна застанецца. Ён: «Я яе ня бачыў». І кінуў да маіх рэчаў.
Расказваючы пра свае прыгоды за кратамі, Уладзь Лабковіч прызнаецца, што, нягледзячы на больш чым 20-гадовы на той час праваабарончы досьвед, ён быў вельмі ўражаны пабачаным.
— Я думаў, што такое было магчыма толькі сто гадоў таму на тэрыторыі нацысцкай Нямеччыны або савецкай Расеі, — кажа Лабковіч. — Я лічыў, што такога не бывае. Што гэта гістарычная мінуўшчына турэмных практык у дачыненьні да палітычных вязьняў. Таму я быў уражаны і шакаваны ўзроўнем ціску, які робяць на палітычных зьняволеных. Я ня мог уявіць такога.
Меркаваў, што ўсё будзе фармальна, спакойна, будзённа, у межах працэдуры. Без такой звышжорсткасьці да палітзьняволеных.
Такі ўзровень катаваньняў — упершыню ў сучаснай беларускай гісторыі. У 2010 і 2011 годзе мы фіксавалі высокі ўзровень катаваньняў у СІЗА КДБ. Але ў калёніях збольшага ўсё было значна мякчэй, чым тое, што адбываецца зараз.
Навошта ўладам Беларусі рабіць такі ціск на апанэнтаў? На думку Ўладзя Лабковіча, яны перасьледуюць дзьве мэты. Па-першае, гэта звычайная помста, якая ідзе з самага верху. А па-другое — жаданьне падтрымліваць страх у грамадзтве.
— Яны баяцца паўтарэньняў, — кажа Лабковіч. — Яны разумеюць, што наступныя пратэсты могуць пайсьці зусім па іншым сцэнары. І ім патрэбны страх у грамадзтве. Яны так умацоўваюць сваю ўстойлівасьць. І яшчэ гэта, вядома, кругавая парука. Вялікая колькасьць сілавікоў, супрацоўнікаў сыстэмы разумеюць, што ім няма куды адступаць пасьля таго, што яны нарабілі з людзьмі.
Уладзь расказвае, што яму даводзілася камунікаваць з супрацоўнікамі калёніяў і турмаў. Гэта было нячаста, размовы здараліся розныя. З словаў суразмоўцы, там працуюць розныя людзі. Некаторыя сапраўды рабілі ўсё магчымае, каб мінімізаваць ціск, і спрабавалі жыць сумленна, зыходзячы з фармальных падыходаў. Здараліся нават моманты, калі яны наўмысна не заўважалі нечага або не выконвалі тых ці іншых рашэньняў аб узмацненьні ціску на палітвязьняў.
Але былі і такія, якія хацелі б выконваць свае абавязкі нават бясплатна, атрымліваючы асалоду ад пачуцьця, што можна зрабіць з асуджаным усё што заўгодна.
— Тое, што я праваабаронца, за кратамі таксама адбівалася на мне, — кажа Ўладзь. — У шклоўскай калёніі мне гаварылі, што я асоба мэдыйная, што мае калегі зь «Вясны» хочуць зрабіць зь мяне сакральную ахвяру. Гэтая фраза вельмі падабалася начальніку шклоўскай калёніі. І ён дадаваў, што калі так, то ён ім дапаможа.
І вось мне 10 содняў ШЫЗА, 15 содняў. Крытэр быў такі: пра цябе пішуць у інтэрнэце — ты едзеш у ШЫЗА. Пра цябе ня пішуць — можаш знаходзіцца ў атрадзе. Пасьля, калі мяне пастаянна перавозілі з месца на месца, канвойныя казалі, у чым праблема: я ж праваабаронца. І павінен пабачыць усе месцы на свае вочы, каб павысіць сваю кваліфікацыю.
Стэфановіч, Лойка і Рабкова
Хвалі вызваленьняў палітзьняволеных, арганізаваныя з удзелам амэрыканскіх дыпляматаў, пачаліся ў 2025 годзе. Уладзь Лабковіч кажа, што кожная зь іх выклікала безумоўную радасьць у тых «палітычных», хто яшчэ заставаўся за кратамі. Але наступнай рэакцыяй быў сум і туга.
— Ад таго, чаму я яшчэ тут, — гаворыць Уладзь. — І адміністрацыя калёніі гэта разумее. Яны ўвесь час кажуць: такія вызваленьні не для вас. Што мы тут застанемся назаўсёды. І ў людзей зьяўляецца пачуцьцё адчаю — што, можа быць, і сапраўды ўсё гэта не для нас, што гэта гісторыя бяз хэпі-энду. Але інфармацыя аб вызваленьнях даходзіць да іншых палітвязьняў. І я веру, што гэтая гісторыя мае хэпі-энд.
Уладзь Лабковіч расказвае, што палітзьняволеных кіраўніцтва калёніяў вызваляе з «кіслымі тварамі». І вельмі моцна турбуецца, ці былы палітвязень пачне расказваць на волі аб тым, што насамрэч адбываецца за кратамі.
— Глядзяць у вочы, пытаюцца па шмат разоў: «Ну ты ж ня будзеш апавядаць, што тут было? Ну ты ж ня будзеш пра нашую калёнію расказваць? Ня будзеш?» — успамінае Ўладзь. — Такія выпадкі былі, што пасьля аповедаў былых вязьняў «прылятала» тым, хто яшчэ застаецца за кратамі. Вобшукі, дурныя забароны — кніжкі не чытаць, не размаўляць. Адбываецца закручваньне гаек пасьля такога. У 17-й шклоўскай калёніі гэта звычайная рэч.
Шклоўскую калёнію Ўладзь Лабковіч называе адным з самых жорсткіх месцаў зьняволеньня ў Беларусі. Тлумачыць гэта пазыцыяй адміністрацыі. Ужо вандруючы па розных вязьніцах, ён пачуў шмат гісторыяў пра іншыя калёніі, і, зь яго словаў, 17-я шклоўская моцна адрозьніваецца ад іншых.
Раней такой жорсткасьцю была вядомая 1-я наваполацкая калёнія, але пасьля замены адміністрацыі парадкі там сталі іншымі, кажа праваабаронца.
— Яны самі тлумачаць гэта нейкай містыкай. Зямля, Шклоў, «малая радзіма», — кажа Ўладзь. — Маўляў, яны маюць больш абавязкаў у караньні тых, хто выйшаў на пратэсты пасьля выбараў 2020 году.
13 сьнежня разам з Уладзем Лабковічам вызвалілі і Алеся Бяляцкага. Заснавальніка «Вясны» і нобэлеўскага ляўрэата вывезьлі ў Літву. У той жа дзень спачатку зьявілася інфармацыя аб вызваленьні яшчэ аднаго «вясноўца» — Валянціна Стэфановіча. Але празь нейкі час выявілася, што гэта памылка, Стэфановіч застаецца за кратамі.
— Валянцін у турме № 4 у Магілёве, — кажа Ўладзь. — Я ня маю дакладнай інфармацыі, што зь ім адбываецца. Ня бачыў Валянціна зь вясны 2023 году, калі нас разам этапавалі ў адным «сталыпіне», гэта такі асаблівы, спэцыяльны вагон дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. У мяне былі магчымасьці паразмаўляць з чалавекам, які год быў з Валянцінам у адной камэры. Ён быў у вялікім захапленьні ад Стэфановіча.
Валянцін малайчына, ён трымаецца. Ён больш рэалістычна глядзіць на будучыню, чым я глядзеў. Бо ў мяне былі такія моманты, калі я ўпадаў у адчай. У яго гэтага няма. Я вельмі ганаруся ім, веру, што неўзабаве мы сапраўды пабачым яго прозьвішча ў сьпісе вызваленых.
Акрамя Стэфановіча, за кратамі цяпер таксама супрацоўніца «Вясны» Марфа Рабкова і праваабаронца Наста Лойка, якая шмат гадоў працавала ў арганізацыі. Уладзь Лабковіч прызнаецца, што пра лёс дзяўчат ведае менш.
— І Наста Лойка, і Марфа Рабкова — гэта сапраўды зараз найбольшы праваабарончы боль для нас для ўсіх, — кажа Ўладзь. — Бо яны дзяўчаты, ім фізычна цяжэй. Яны нашыя паплечніцы. Сёньня ў іх дзень народзінаў (размова запісвалася 6 студзеня. — РС). Я сапраўды веру, спадзяюся, што эмацыйнае віншаваньне дойдзе да іх праз краты. Яны ў гомельскай жаночай калёніі.
Я размаўляў з жанчынамі, якія адбывалі там пакараньне. Распытваў і пра Марфу, і пра Насту. Яны малайцы, яны гераіні. Я захапляюся іх мужнасьцю і адданасьцю. Гэта адны з найлепшых людзей, якія ёсьць у Беларусі.
«Уладзімер Мікалаевіч, пройдзем, калі ласка»
З словаў Уладзя Лабковіча, ён толькі зараз можа лягічна патлумачыць для сябе тое, што пачало адбывацца зь ім за кратамі за дзень да вызваленьня. Тады ўсё гэта ніяк ня сьведчыла аб пераменах да лепшага.
— 12 сьнежня з самай раніцы мы стаялі ў камэры на праверцы, — узгадвае Лабковіч. — Я, яшчэ адзін «палітычны», адзін крымінальнік з 20-гадовым стажам. Зайшоў прадстаўнік адміністрацыі і сказаў, што ў мяне і іншага палітвязьня сёньня плянавыя званкі, мы можам патэлефанаваць дадому. Каб мы сабраліся, і пасьля праверкі нас павядуць на званкі.
Для мяне гэта было вельмі важна, вельмі натхняльна. Родныя мяне згубілі з усімі гэтымі перавозкамі. Я баяўся, што мне ўвогуле званка не дадуць. І калі раней я бываў «на званках», то мяне выводзілі на калідор, тварам да сьцяны, рукі за сьпіну, усе звароты на «ты», абразы, мацюкі. А тут быў зусім іншы падыход.
Той чалавек, які раней абражаў, зьвяртаўся: «Уладзімер Мікалаевіч, пройдзем, калі ласка». Перайшоў на «вы». Усё вельмі ветліва, вельмі лагодна. Мяне тады гэта зьдзівіла, але было выкрасьлена эмоцыямі ад званка. Я жонку пачуў, дзяцей, якіх ня чуў паўгода. А па абедзе з маёй камэры выселілі ўсіх, я застаўся адзін. І я падумаў, што гэта чарговае пагаршэньне ўмоваў.
У той вечар Уладзь Лабковіч лёг спаць, а 10-й гадзіне, а праз 30 хвілін яго паднялі, сабралі рэчы і вывелі з камэры. На ўсе пытаньні, што адбываецца, канваіры адказвалі Лабковічу: «Потым даведаесься». Уладзь прызнаецца, што падумаў пра чарговы пераезд у СІЗА КДБ для пачатку сьледзтва ў іншай справе.
Ноч праваабаронца правёў у так званым «адстойніку». Заснуць так і ня змог. Раніцай Лабковіча вывелі на калідор, паставілі тварам да сьцяны, на руках зашчоўкнулі кайданкі.
— Я думаў, гэта 356-ты артыкул, «здрада радзіме», — кажа Ўладзь. — Пасадзілі ў машыну, павезьлі. Ніхто не размаўляў са мной, паміж сабой практычна таксама. Ад Жодзіна да Менску даволі блізка, а мы ехалі гадзіну, другую, трэцюю. І я зразумеў, што не, гэта не СІЗА КДБ. Але гэта магла быць горадзенская турма.
Прывезьлі ў нейкае поле, там перадалі іншым людзям, зьнялі кайданкі, балаклаву. Надзелі на мяне маю турэмную шапку, заматалі галаву ў шапцы скотчам, на рукі наматалі скотч. Пасадзілі ў аўтобус, мы там усе сядзелі скручаныя. Павезьлі. Нехта пастаўленым голасам казаў нам: «Граждане, не волнуйтесь, с вами будет всё очень хорошо». А іншы супрацоўнік матам гаварыў, што ня дай бог нехта падыме галаву, адразу будзе прымяняцца фізычная сіла.
Уладзь Лабковіч кажа, што і ў гэты момант ня думаў аб вызваленьні. Ня верыў у гэта і лічыў, што ўлады вырашылі сабраць «палітычных» у асобным канцэнтрацыйным лягеры. Да моманту, пакуль аўтобус не спыніўся і яму не зьнялі з вачэй пераматаную скотчам шапку.
— Два беларускія сілавіка спусьціліся на прыступкі аўтобуса і паводзілі сябе вельмі сьціпла, — расказвае праваабаронца. — А ў аўтобус зайшлі іншыя людзі, якія пачалі здымаць нас усіх на тэлефоны. Яны размаўлялі па-расейску і на нейкай незразумелай мове зь беларускімі і ўкраінскімі словамі. Казалі, што радыя нас вітаць, што мы ў бясьпецы, што ня трэба хвалявацца.
Але мы ўсе былі напружаныя, бо гэта магла быць тыповая правакацыя спэцслужбаў. Мы пачалі расхінаць фіранкі на вокнах аўтобуса і пабачылі будынкі, а на іх украінскія сьцягі. Па дарозе хадзілі людзі ў вайсковай форме з жоўта-блакітнымі шэўронамі. Герб Украіны быў. І я зразумеў, што гэта занадта дарагая дэкарацыя.
Неўзабаве да беларусаў прыйшоў чалавек, які ўжо па-ўкраінску патлумачыў, што ўсе яны вызваленыя і знаходзяцца на тэрыторыі Ўкраіны. Тады ж Уладзь даведаўся, што ехаў у адным аўтобусе зь Віктарам Бабарыкам і Паўлам Севярынцам.
— Мы з Паўлам абняліся і ён адразу сказаў: «Ну, братка, цябе, вядома, патрапала», — узгадвае Ўладзь. — Я яму адказаў, што ён значна лепш за мяне выглядае. Усё падарожжа ў Літву мы правялі разам. Даўно знаёмыя, добра адзін да аднаго ставімся. Таму, вядома, я быў вельмі рады бачыць Паўла. Павал цудоўны чалавек.
Паразмаўляць з роднымі і расказаць ім аб сваім вызваленьні Ўладзь Лабковіч змог у Чарнігаве. Усіх вызваленых беларусаў прывезьлі там у адмысловае месца, дзе аказваюць дапамогу абмененым украінскім ваеннапалонным і параненым вайскоўцам. Іх разьмясьцілі на трох паверхах. Адзін аддалі жанчынам, два іншыя мужчынам. На кожным з паверхаў было па адным тэлефоне.
— Падыходзілі, званілі па адным, — узгадвае Ўладзь. — Мне спачатку ўдалося пазваніць «вясноўцам», якія мяне шукалі. Папрасіў у іх тэлефон Алеся Бяляцкага, я ўжо ведаў, што ён у Літве. А потым ужо родным. Яны ведалі, што я вызвалены, сьпісы былі агучаныя.
Вядома, першы званок… У нас не атрымалася пагаварыць. Мы ўсе былі ў эмацыйным стане. Мяне чакалі ў Вільні. І радасьць ад майго вызваленьня зьмянілася клопатам аб тым, што мы знаходзімся ў небясьпецы, што ва Ўкраіне вайна.
Мары пра Італію
Уладзь Лабковіч быў адным з тых беларускіх палітзьняволеных, якія ўдзельнічалі ў арганізаванай для ўкраінскіх і міжнародных мэдыя прэсавай канфэрэнцыі. Праваабаронца расказвае, што перад ёй адбылося кароткае абмеркаваньне, на якім ад удзелу ў канфэрэнцыі адмовіўся Павал Севярынец.
— Мы сфармавалі сьпіс людзей, якія будуць удзельнічаць, — кажа Ўладзь. — Пытаньні і нашыя адказы загадзя не абмяркоўвалі. Адказы Віктара Бабарыкі на пытаньні аб вайне ва Ўкраіне мяне зьдзівілі. Праўда, зьдзівілі. Я хацеў бы, каб ён адказаў па-іншаму. Але прынамсі дакладна ня мне іх ацэньваць. Яны былі, гэта факт. Ён як асоба, як палітык сваю пазыцыю абазначыў.
На наступны дзень пасьля прэсавай канфэрэнцыі працшла арганізаваная дыстанцыйна размова некаторых вызваленых беларусаў з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Уладзь Лабковіч кажа, што яна была больш працяглай, чым тая частка, якую пасьля паказалі ўкраінцы.
— Мы на ёй дзякавалі за сапраўды выключную гуманітарную апэрацыю, якую праводзіла Ўкраїна ва ўмовах вайны, — гаворыць Лабковіч. — Вельмі дзякавалі. Па-другое, пыталіся пра пэрспэктывы далейшых вызваленьняў. Ці можа Зяленскі даць нам нейкую абнадзейлівую інфармацыю. Ён сказаў, што таксама вельмі спадзяецца на вызваленьне беларускіх палітзьняволеных неўзабаве. Ён абазнаны ў беларускіх справах, у справах у беларускім дэмакратычным асяродзьдзі.
Зяленскі вельмі добра рэагаваў на беларускую мову, для яго гэта было важна — менавіта такое пазыцыянаваньне беларусаў, якія выкарыстоўваюць сваю мову. Ён абазнаны ў сытуацыі ў Беларусі, гэта не закрытая заслона для яго, ён ведае.
Ці зьмяніўся за гады зьняволеньня праваабаронца Ўладзь Лабковіч, ці зараз ён ужо ня той чалавек, якім быў да ліпеня 2021 году? Сам ён кажа, што ў ягоным сьветапоглядзе не адбылося вялікіх зьменаў. Хіба што ён стаў мудрэйшым і павінен прызнаць, што не ўяўляў раней маштабаў правапарушэньняў, якія адбываюцца ў Беларусі.
— Эрозія пайшла на ўсю сыстэму, — кажа Ўладзь. — І ў дачыненьні крымінальнікаў таксама, прысуды ім часта абсалютна празьмерныя. Умовы, у якіх яны адбываюць пакараньне, таксама часта парушаюць іх правы.
Ці ў мяне засталася злосьць на супрацоўнікаў калёніяў і турмаў? Не, я дакладна ня зычу ім зла. Я не хачу тут выкарыстоўваць хрысьціянскія падыходы, але з гуманістычнага гледзішча ня зычу ім зла.
Не хачу, каб яны былі пакараныя. Каб прайшлі праз тое, праз што прайшлі мы. Я толькі вельмі хацеў бы, каб гэтыя людзі перасталі працаваць на тых пасадах, на якіх яны працуюць зараз. Ім там дакладна ня месца.
Ці гатовы праваабаронца Лабковіч абараняць правы тых, хто некалі парушаў яго правы за кратамі? Уладзь кажа, што так.
— Безумоўна, буду, я ім сам пра гэта гаварыў, — гаворыць Лабковіч. — Што вось вы зараз ува ўсё гэта ня верыце і мне самому гэта падаецца неверагодным. Але калі здарыцца так, што вас будуць перасьледаваць, я зраблю ўсё магчымае, каб вашыя правы былі бездакорна выкананыя. Яны ў адказ ухмыляліся.
Празь няпоўны месяц пасьля вызваленьня Ўладзь Лабковіч працягвае прызвычайвацца да волі. Кажа, што шмат ходзіць па Вільні і часта губляецца ў горадзе. За гады, праведзеныя за кратамі, ён развучыўся карыстацца мабільным тэлефонам і ня можа самастойна разабрацца ў навігацыі па горадзе. Заблукаўшы, тэлефануе жонцы і просіць голасам патлумачыць яму, куды ісьці.
— Раней мабільны тэлефон я выкарыстоўваў і як прыладу для працы, — кажа Ўладзь. — Ня толькі для камунікацыі. А зараз зусім не магу ў ім разабрацца, хоць у мяне такі, абсалютна не супэрсучасны. Я так паступова вяртаю сябе да прыладаў. ChatGPT мяне ня ўразіў, я пакуль так і не зразумеў, як ім карыстацца. Нічога цікавага ён мне не расказаў, хоць мы спрабавалі наладзіць стасункі. Ці ён мне нецікавы, ці я яму.
Яшчэ мяне палохае прастора. Я пачынаю сумаваць, калі застаюся адзін, гэта такое наступства «адзіночак». Для мяне гэта было самае цяжкае — заставацца ў адзіночнай камэры. Зараз, калі дзеці ў школу ідуць, жонка на працу, я стараюся адзін дома не заставацца. Не магу нагуляцца. Сьнег уражвае, рака.
Уладзь прызнаецца, што зараз марыць пападарожнічаць разам з сям’ёй. Пакуль гэта складана зрабіць празь юрыдычныя пытаньні, ён ня мае патрэбных дакумэнтаў. Зь Беларусі яго вывезьлі зь незразумелай даведкай. Уладзь спадзяецца, што з дапамогай літоўскіх уладаў гэтае пытаньне ўдасца вырашыць.
— У нас ёсьць любімыя месцы сямейныя, — кажа Ўладзь. — У першую чаргу гэта Італія, Рым. Дзякуй лоўкостам за бюджэтныя цэны на пералёты. Дзеці зараз кожны вечар займаюцца маёй тэрапіяй. Вышукваюць самыя танныя варыянты палётаў, танныя варыянты жытла, што там можна паглядзець. Каб можна было паехаць, калі ў мяне будзе юрыдычная магчымасьць.
Вельмі часта ў самыя цяжкія хвіліны, калі ахопліваў адчай, я заплюшчваў вочы і ўяўляў, як шпацырую зь дзецьмі па Рыме.
Оцените статью
1 2 3 4 5Читайте еще
Избранное