Филин

Юлія Кот

Мажэйка: «Якія генералы ў нас малайцы — бегаюць, скачуць… А ледзь не штодня над краінай лётаюць расійскія беспілотнікі»

Палітычны аналітык у інтэрв’ю Филину разважае аб тым, як афіцыйны Мінск паказвае, што дбае пра бяспеку. І чаму ў рэальнай баяздольнасці войска ёсць вялікія сумневы.

Днямі ў Беларусі прайшла чарговая праверка баяздольнасці войска. Гэтым разам Лукашэнка даручыў пракантраляваць фізпадрыхтоўку ўсіх генералаў і палкоўнікаў, хто займае генеральскія пасады, з 11 сілавых ведамстваў. У прыватнасці, афіцэрам давялося праплыць 500 метраў (або прабегчы 100-метроўку), выканаць падцягванне на перакладзіне ці комплекснае сілавое практыкаванне.

Фота: ІА «Ваяр».

І — хто б сумняваўся — генералы гэты іспыт бліскуча здалі. Як распавёў медыям дзяржсакратар Рады бяспекі Аляксандр Вальфовіч, ніводнага нездавальняючага выніку ў міністраў і кіраўнікоў сілавых структур няма: 70% ацэнак — выдатныя, яшчэ 30% — добрыя.

«Гэта аб чым гаворыць? Сувораўскі дэвіз «рабі, як я», калі камандзір мусіць з’яўляцца ўзорам ва ўсім, адпавядае рэаліям бягучага часу», — заявіў Вальфовіч.

Нават калі адкінуць убок пытанне, ці насамрэч кантроль за фізпадрыхтоўкай сілавікоў і ваенных мусіць уваходзіць у кампетэнцыю Рады бяспекі, трэба ўдакладніць: чаму сувораўскі прынцып не закрануў галоўнакамандуючага — гэтую пасаду, нагадаем, у Беларусі займае Аляксандр Лукашэнка?

Агучаныя вынікі таксама ні пра што не сведчаць. Пра падобныя «праверкі» амаль сто год таму бліскуча пісаў яшчэ класік беларускай літаратуры.

Хоць бы адну папаў, а то скандал страшэнны!

Але махальнікі падходзяць да мішэні,

Давай яму махаць

(У іх быў добры нюх):

Дзве, тры, чатыры, пяць!

У самы, значыць, круг.

(урывак з байкі Кандрата Крапівы «Махальнік Іваноў», 1928 год).

З якой мэтай наогул праводзілася гэтае мерапрыемства і як, нягледзячы на вонкавую камічнасць, яно падсвяціла непрыемныя для рэжыма Лукашэнкі моманты, Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам, каардынатарам «Нашай Візіі» Вадзімам Мажэйкам.

Вадзім Мажэйка

— Нядаўна Лукашэнка назваў адной з галоўных праблем у войску фізпадрыхтоўку — маўляў, «ракеты, самалёты, беспілотнікі — гэта добра, але лёс любога бою будзе вырашаць камандзір і ягоныя салдаты». Цяпер ініцыяваў здачу нарматываў для генералаў. Ці сапраўды гэта нешта дае, ці ў сённяшніх варунках — проста паказуха?

— Канешне, гэта трэш і трохі паказуха. Бо тыя функцыі, якія ў сістэме бяспекі выконваюць генералы, рэальна мала звязаныя з тым, як яны бегаюць стометроўку. Зусім не гэтыя каметэнцыі ад іх перадусім чакаюцца. Ясна, што маладыя спецназаўцы здаюць нарматывы лепей, чым немаладыя генералы — ад іх ніхто гэтага і не чакае.

Сама ідэя — маўляў, давайце пакажам, што нашы генералы трохі маюць порах у парахаўніцах, не захраслі за кабінетнай працай, а знаходзяцца ў добрай форме — пры тым атрымалася не надта пераканаўчай. Зразумела, што генералы атрымалі добрыя адзнакі. Хацеў бы я паглядзець на некага, хто насмеліцца генералу паставіць «троечку», — той, можа, і пераздаў бы нарматыў, але як жылося б потым гэтаму вайскоўцу?

Хоць варта адзначыць, што гіпатэтычна такая праверка можа выконваць нейкую разумную функцыю. Гэта нармальна, калі афіцэры здаюць нейкія нарматывы, тыя ж стрэльбы ці фізпадрыхтоўку, і існуе ў розных арміях розных краін. Так, трохі паказушная, але ўсё ж такі дэманстрацыя таго, што кіраўніцтва не адрываецца ад калектыву.

Як у вялікіх кампаніях, умоўна, дырэктар McDonald’s можа стаць за касу, а дырэктар банка — пасядзець як аперацыйны супрацоўнік, прымаючы заякі на крэдыты. Гэта як частка камунікатыўнага піяру таксама можа даваць добры вынік. Нарэшце, гэта неблагі тымбілдынг: журналісты, прыкладам, сплавіліся на байдарках, генералы — сабраліся і здалі нарматывы, нармальная рэч.

Але я адзначыў бы тое, што тут, у канкрэтным беларускім выпадку, сапраўды дрэнна.

Па-першае — гэта псеўдапаказушнасць. Бо нікога з генералаў, прозвішчы якіх на слыху, мы тут не пабачылі. Па-добраму, калі задумалі дэманстрацыю — гэта трэба ілюстраваць фота, відэа, каб мы ўпэўніліся, што генералы сапраўды гэта робяць. А нам нічога не паказалі (справаздача інфармагенцтва «Ваяр» выглядае вельмі сціпла — Ф.), таму гэта не надта ўражвае.

Па-другое, як вы цалкам слушна заўважылі, чамусьці сам галоўнакамандуючы гэтым не займаўся. І гэта звязана, на мой погляд, з цікавай з’явай — Лукашэнка, бадай, самы вядомы ў Беларусі публічны фэтшэймер (гэта форма дыскрымінацыі, зняваг людзей за знешні выгляд, звязаны з вагой — Ф.).

Лукашэнка любіць публічна зневажаць тых, хто, на яго думку, знаходзіцца ў дрэннай фізічнай форме. Можна ўзгадаць мемы пра тое, што «хопіць жэрці бульбу з мясам на ноч». А таксама ягоную рэакцыю, калі ў Беларусі памерлі першыя захварэлыя на ковід.

Ён не спачуваў ні блізкім акцёра Віктара Дашкевіча, які стаў першай ахвярай («яму заўтра 80 будзе, што ты ходзіш па гэтай вуліцы!»), ні жыхару Віцебска Уладзіміру Сідараву («як можна жыць 135 кіло вагой?»), а ганьбіў — адзін занадта стары, другі занадта тлусты, як яму не сорамна.

Пры тым гэты фэтшэймер, абсалютная адсутнасць эмпатычнасці да людзей спалучаецца ў яго з тым, што сам Лукашэнка, мякка кажучы, знаходзіцца ў досыць дрэннай фізічнай форме. У адрозненне ад амерыканскіх прэзідэнтаў, ён не раскрывае інфармацыю пра стан здароўя, мы нічога пра гэты не ведаем. Хоць па лічбах, якія гучалі раней, можна было зрабіць выснову, што ён сам мае атлусценне другой ступені.

Не лепшую форму правадыра рэжыму бачна нават па фота, — не тых кампліментарных, што робіць ягоная прэс-служба, а, напрыклад, прэс-службы Крамля. Таму сам Лукашэнка, мабыць, не надта добра здаў бы нарматывы, якія ён прымусіў здаваць генералаў.

У дадзеным выпадку бачная яшчэ адна праблема — на мой погляд, галоўная. І палягае яна ў тым, што такое дэманстратыўнае дбанне пра бяспеку, якія генералы ў нас малайцы, бегаюць, скачуць — падмяняе дзейнасць адносна тых рэальных пытанняў, якія існуюць з бяспекай у Беларусі.

У нас ледзь не штодня над краінай лётаюць расійскія беспілотнікі, залятаюць і ў суседнія краіны. За імі ганяюцца ці то беларускія самалёты-знішчальнікі, ці верталёты — збіваюць. Але ўжо былі выпадкі, што гэтыя БПЛА падалі і пашкодзілі будынкі. І па шчырасці, гэта пытанне часу: калі такі беспілотнік у Беларусі кагосьці заб’е.

Акурат з гэтым, як мы бачым, Беларусь нічога не можа зрабіць — ні дыпламатычным шляхам, дамовіцца з Расіяй, ні тэхнічна, абараніць сваю паветраную прастору. Замест гэтага займаюцца тым, што правяраюць, у якой фізічнай форме знаходзяцца генералы.

— То бок, уся гэтая праверка можа быць стварэннем інфашуму — каб глядзелі на генералаў і смяяліся, а не глядзелі ў бок беспілотнікаў?

— Менавіта. Калі ты не можам вырашыць рэальную праблему, ты ствараеш імітацыю бурнай дзейнасці па вырашэнні праблем у гэтай сферы. Правесці нараду, кагосьці раскрытыкаваць, стварыць тэрабарону, дзе бегаюць дзяды ў рыбацкіх камбінезонах з аўтаматамі, генералам правесці ўрок фізпадрыхтоўкі.

На вялікі жаль, гэтая імітацыя вядзе да таго, што ў Беларусі небяспечна. І тое, што прапаганда шмат год «прадавала» пра наша мірнае неба над галавой, цяпер не надта ўражвае. Харошанькае мірнае неба, калі ў ім баявыя дроны лётаюць!

— На ваш погляд, што гэтая сітуацыя, як і іншыя бясконцыя вучэнні і праверкі, насамрэч кажа пра стан беларускага войска, якім кіруе чалавек, хто цытуе Суворава і робіць упор на фізпадрыхтоўку?

— Паколькі беларускае войска ёсць часткай грамадства і сістэмы дзяржкіравання, яно мае ўсе тыя ж хібы, як і любыя іншыя дзяржустановы: шмат прапаганды, закрытасць да знешняй крытыкі, нават слушнай, негатоўнасць да змен, неадаптыўнасць, лаяльнасць больш важная за кампетэнтнасць.

А ўсе гэтыя чыннікі вядуць таго, што замест таго, каб падвышаць баяздольнасць і дбаць пра большую бяспеку ў Беларусі, беларускае войска займаецца абслугоўваннем расійскага — пастаўляе тэхніку, навучае «мобікаў» на беларускіх палігонах, прымае «вагнераўцаў» і г.д.

І хоць за тымі ж беспілотнікамі ўсё ж ганяюцца, дзякуй, хоць не баяцца збіваць БПЛА саюзнічка — але ўсё гэта сведчыць, што ад беларускіх вайскоўцаў і камандуючых нічога не залежыць. Можа, і генералы не надта хацелі здаваць нарматывы, ды хто ж іх спытаў.

Важна не забывацца: аўтарытарныя сістэмы не могуць забяспечыць эфектыўнасць дзяржаўнага кіравання. І калі дрэнна працуе ідэалагічная вертыкаль — халера з ім, мо і не трэба, каб ва ўсіх мазгі былі прамытыя. А вось калі неэфектыўна працуюць іншыя сферы — медычная, адукацыйная, інфраструктура, ЖКГ, войска, якое адказвае за бяспеку — гэта значна больш сур’ёзна. Толькі дрэнная праца ЖКГ бачная штодня, а дрэнная праца войска будзе бачная, напрыклад, у выпадку вайны на тэрыторыі Беларусі.

Калі, умоўна, Расія нападзе з тэрыторыі Беларусі на краіны НАТО, а тыя пачнуць адказваць — вось у гэты момант мы і пабачым, ці здольнае беларускае войска абараніць сваю тэрыторыю. На жаль, выглядае гэта сумнеўна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(14)