Общество

«Нам ад жыцця ў Беларусі трэба было больш, чым там было дазволена». Сола-маці — пра эміграцыю з трыма дзецьмі

Мая Церакулава — лекарка-педыятарка родам з Казахстана, якая паспела пажыць у 4 краінах і 13 гарадах. Пасля 16 гадоў у Беларусі Мая ў 2022-м з’ехала ў Польшчу. Апошняя эміграцыя стала, магчыма, самай складанай: жанчына разышлася з мужам і аказалася ў Беластоку з трыма дзецьмі, у адной з якіх цяжкая форма аўтызму. Пра гэта піша праект Іншыя.

Доўгі час Мая не абнаўляла свой папулярны Facebook-блог, але нядаўна вярнулася ў публічнае поле. У размове з «ІншыЯ» яна расказала пра адаптацыю ў новай краіне, пра стаўленне да дзяцей з асаблівымі патрэбамі ў польскай сістэме адукацыі і пра тое, што дапамагае ёй вытрымліваць цяжкасці.

«Я не выдатны прыклад асобаснага росту»

— Я ўжо два з паловай гады ў Польшчы. Першы год заняла адаптацыя і вырашэнне побытавых праблем, а калі ўсё наладзілася, надышоў год трывогі і траўматычнага перажывання таго, што здарылася, — і я пайшла на тэрапію.

Са сваім псіхатэрапеўтам я была знаёмая 5 гадоў і давярала яму, але мы да гэтага вырашалі канкрэтныя запыты і праблемы. Напрыклад, мне было цяжка прыняць інваліднасць дзіцёнка, было страшна і цяжка сыходзіць ад мужа, з якім пражыла 16 гадоў. А цяпер у тэрапіі мы разбіраем экзістэнцыйныя пытанні.

Ілюстрацыйная гісторыя. Малодшы сын сядзеў пад сталом і крычаў, што не пойдзе спаць, бо ўчыняе рэвалюцыю і больш не будзе слухацца дарослых. Мая сяброўка на гэта сказала: «А мы ўжо ўчынілі рэвалюцыю — і цяпер ты сядзіш пад сталом у Польшчы». Вось і я спрабую адказаць сабе на шэраг пытанняў. У чым мая праблема агулам? Чаму я прымала такія рашэнні? Як лёс прывёў мяне ў Беласток? Я ж ніколі не планавала жыць у Польшчы.

Спачатку я з’ехала ад бацькоў у 17 гадоў, а потым з Казахстана ў 25, страціла магчымасць кар’ернага росту. І вось — пастаянныя пераезды. З псіхатэрапеўтам мы высветлілі, што я ўцякаю ад праблем, ствараючы новыя, якія ўмела вырашаю. 

Я мяняю горад і закрываю сваю трывогу, робячы тое, што ў мяне файна атрымліваецца.

Раней я прымала рашэнні праз хаос, а цяпер, пад 40 гадоў, думаю: змена 13 гарадоў у жыцці — можа, варта пра гэта пагаварыць? На тле ўнутраных трывог я на год знікла з Facebook, мне не хацелася расказваць пра асабістае. Гэты год прайшоў за руку з псіхатэрапеўтам. 

Я не выдатны прыклад асобаснага росту — толькі прыклад таго, як спрабаваць зразумець сябе. Гэта ўвогуле няпроста, але становіцца лепш і паляпшаецца якасць жыцця. Я ўяўляю сабе жыццё, якое хачу, і псіхатэрапеўт дапамагае ісці ў гэты бок, а не дае гатовых рашэнняў. У эміграцыі мне дапамагае майндфулнес, ЗЛЖ і пошук таго, што стасуецца з маім звыклым ладам жыцця. Я знайшла пякарню з выдатным недарагім хлебам, добрую кавярню, сцежку для бегу, любімы выставачны зал і паб, у якім часам напіваюся з сябрамі і танцую, — не такі ўжо ў мяне і ЗЛЖ.

«У эміграцыі ты выбіраеш сабе новых членаў сям’і»

— Думкі пакінуць каго-небудзь з дзяцей з мужам у Беларусі не было. Вядома, гэта вельмі цяжкое рашэнне — пазбавіць дзяцей бацькі і ўзяць за гэта адказнасць. І мне было цяжка разысціся з блізкім чалавекам, які ведаў мяне з 20 гадоў і з якім у нас было агульнае жыццё. Мы спрабавалі выправіць нашыя адносіны 4 гады. Я сышла ў момант, калі змагла: дзеці крыху падраслі, малодшы пайшоў у садок, старшы — у школу, я працавала — з’явіліся сілы і надзеі на ўласнае шчасце.

Усе ўспаміны, усё, што ў мяне было, усё, што я з сябе ўяўляла, было звязанае з мужам. Успаміны доўга былі балючымі. Праз такое лепш праходзіць з псіхатэрапеўтам.

Пераезд у новую краіну — не толькі фізічнае, але і сацыяльнае выпрабаванне. У эміграцыі фармуюцца новыя «сем’і», бо ў людзей нікога няма ў новай краіне, яны пачынаюць падтрымліваць адны адных і дапамагаць. Гэта цудоўна, бо ты выбіраеш сабе новых членаў сям’і. 

Спачатку ў Польшчы мне дапамагаў Беларускі дом. Мы прыехалі, нам было дзе спаць і есці, побач былі людзі, якія дапамагалі з легалізацыяй. Нават ёга была. У першыя месяцы вельмі падтрымлівала беларуская супольнасць, а потым ужо і я падтрымлівала іншых.

Вядома, разам з сацыяльнай адаптацыяй паўстала пытанне прафесійнай — бо мне трэба было працягваць медыцынскую практыку. Каб працаваць лекарамі ў Польшчы, беларускім медыкам трэба пацвердзіць права на ажыццяўленне медыцынскай дзейнасці, неабходна здаць моўныя і профільныя экзамены — і часта гэта займае шмат часу і сіл. Але не ўсё безнадзейна.

Лекар — адна з прафесій, у якой ты не застанешся без працы ніколі. Не доктарам у паліклініцы, дык дзесьці ў няўрадавай арганізацыі, якая працуе з дзецьмі з інваліднасцю або нарказалежнымі людзьмі, — у мяне была такая практыка. Ёсць магчымасць анлайн-кансультацый, падпрацовак у страхавых кампаніях па ацэнцы рызык. З 12 гадоў сваёй лекарскай практыкі я працавала ў паліклініцы толькі 7. 

Шмат маіх калег у Польшчы пацвярджаюць права на медычную дзейнасць з трэцяга-чацвёртага разу, але няма такога, што людзі сядзяць і пакутуюць. Усе працуюць.

«Вялікая валанцёрская праца была знішчаная за 5 хвілін»

— Нягледзячы на тое што ў Казахстане ў мяне блізкія сваякі, пераехаць я вырашыла ў Польшчу — і не толькі праз блізкасць да Беларусі. У Казахстане адзін з галоўных мінусаў — адсутнасць сістэмы інтэграцыі для людзей з інваліднасцю.

Я даволі шмат сіл уклала ў Беларусь, каб пабудаваць такую сістэму, але… Мы былі блізкія да таго, каб арганізаваць суправаджанае пражыванне для людзей з ментальнай інваліднасцю, з інтэлектуальнымі дэфектамі — хоць бы ў недзяржаўнай арганізацыі з замежным фінансаваннем, але беларуская дзяржава ж замарозіла ўсе рахункі. Вялікая валанцёрская праца, якую бацькі выконвалі для сваіх дзяцей гадамі, была знішчаная за 5 хвілін.

Мая дачка — невербальнае дзіця: яна не глядзіць у вочы і не выкарыстоўвае жэсты — гэта цяжкая ступень аўтызму.

У Беларусі я страціла надзею на лепшую будучыню для свайго дзіцёнка. І я паехала ў краіну, дзе для яе ўжо нешта створана і дзе ў яе ёсць правы.

Але і ў Польшчы ёсць свае праблемы. Дзіця з інваліднасцю можа вучыцца ў школе да 21 года — і часта бацькі карыстаюцца гэтым, бо пасля заканчэння школы ў дзяцей не так шмат варыянтаў: цэнтры дзённага знаходжання, дзіцячыя садкі для дарослых — не ўсім там цікава. Гэта значыць, застаецца праблема з інтэграцыяй дарослых з інваліднасцю ў соцыум.

Але што да дзяцей, мне было цяжка паверыць, што ў класе на 5 вучняў можа быць 2 педагогі. У беларускай спецшколе быў 1 педагог на 20 дзяцей, і, вядома, ён нічога не паспяваў. У маёй дачкі Евы няма праблем з увагай, але яна не чуе групавых зваротаў — ёй трэба індывідуальна растлумачыць, і яна зробіць. Вядома, настаўнік з 20 дзецьмі фізічна не можа надаць ёй столькі ўвагі.

У Польшчы мая дачка вучыцца па агульнаадукацыйнай праграме: вучэбны дзень у яе на 3 гадзіны даўжэйшы, чым у звычайнай школе. У Евы, нягледзячы на даволі цяжкую ступень аўтызму, лёгкая ступень разумовай адсталасці — і таму яна вучыцца ў спецыяльнай школе такога тыпу, дзе дзецям даюць агульнаадукацыйную праграму з магчымым паступленнем у ліцэй і пасля яго нават ва ўніверсітэт.

Гэта вялікі крок да таго, што важна стварыць, — працаўладкаванне і пражыванне з суправаджэннем. Усё гэта здаецца дарагім і неабгрунтаваным, пакуль мы не параўнаем выдаткі на пажыццёвую пенсію па інваліднасці і сацыяльнае ўтрыманне. І правы чалавека ў Еўропе не пустыя словы.

«Дом — там, дзе зарадка ад ноўтбука і тэлефон»

— Я як слімачок. Дом — там, дзе зарадка ад ноўтбука і тэлефон. Дзе б я ні апынулася, я сабе зраблю там добра, утульна і прыгожа. У мяне было шмат пераездаў, і я люблю гэтую частку свайго жыцця, успаміны пра месцы і людзей.

Я памятаю многіх, і кожны чалавек унікальны, даў мне шмат чаго. У мяне шмат сяброў — тых, каго я любіла, у каго вучылася, пра каго прыемна згадваць. Я думаю, што яшчэ пажыву 5 гадоў там, 7 гадоў там, 3 гады там.

У Беларусі ў шматдзетных маці была свая супольнасць — і дзіўна, што вялікі працэнт такіх маці браў актыўны ўдзел у рэвалюцыі 2020 года. Я неяк задалася пытаннем, а чаму? Мы ж рызыкуем, мы нібыта мусім быць закрытыя ў сям’і і сфакусаваныя на бяспецы.

Сяброўка, маці чацвярых, дала мне адказ: мы прагныя да жыцця. Нам трэба больш: больш шчасця, больш любові да дзяцей. І нам ад жыцця ў Беларусі трэба было больш, чым там было дазволена. Таму і мне хочацца больш — гарадоў, уражанняў, успамінаў і людзей.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 0(0)