«Тут праблема не ў палітычных разыходжаннях». Вячорка адказаў, ці ёсць у яго канфлікт з Ціханоўскім
Дарадца Сьвятланы Ціханоўскай пасьля выпадку са скасаваньнем яе інтэрвію тэлеканалу CNN пад ціскам Сяргея Ціханоўскага заявіў Радыё Свабода, што ў яго няма разыходжаньняў зь Сяргеем.
Францішак Вячорка выказаў свой погляд на тое, што адбылося падчас сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай зь беларускай дыяспарай у Нью-Ёрку і ці ёсьць у яго канфлікт з Ціханоўскім.
«Давайце з разуменьнем ставіцца да ягоных дзеяньняў, ён пяць гадоў прабыў у адзіночцы. Зараз ён вывучае палітычнае поле, шукае сваё амплюа, месца і ролю. Мы з ім нармальна камунікуем, просім ставіцца з разуменьнем да ягонай эмацыйнасьці.
Тут праблема хутчэй не ў разыходжаньнях палітычных, а менавіта ў эмацыйнасьці, ён, магчыма, не адчувае нейкіх пратакольных дыпляматычных момантаў, з чым мы сутыкнуліся ў Нью-Ёрку. У нас адна мэта, адна стратэгія, у мэсэджах мы не разыходзімся і абавязкова дамовімся», — заявіў Вячорка.
Інтэрвію CNN, з-за якога ўзьнікла непаразуменьне, у выніку было адмененае, прызнаў Вячорка:
«Мы адмянілі ў выніку інтэрвію з CNN. Гэта быў важны дзень, таму што на Генасамблеі ААН былі ўсе сусьветныя лідэры, і гэта дзень, калі ў Генасамблеі самая вялікая сусьветная аўдыторыя. І тое, што ў гэтай гадзіне эфіру далі сем хвілінаў Беларусі падвесьці вынікі Генасамблеі, гэта была выдатная магчымасьць, якую мы ўпусьцілі», — заявіў Вячорка, дадаўшы, што будуць і іншыя магчымасьці.
Падчас сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай зь беларусамі ў Нью-Ёрку 24 верасьня Сяргей Ціханоўскі, які быў вядоўцам, настаяў, каб тая адмовілася ад дамоўленага інтэрвію на амэрыканскім тэлеканале CNN, каб сустрэча працягвалася.
Гэтая сытуацыя выклікала розгалас у сацыяльных сетках.
Пазьней Ціханоўскі апублікаваў у сваёй суполцы «Краіна для жыцьця» адкрыты ліст, у якім патлумачыў спрэчку ў жывым эфіры на сустрэчы з дыяспарай у Нью-Ёрку.
Там ён прызнаў, што яго «грубасьць выяўлялася ня столькі ў думках, колькі ў інтанацыі», што пра інтэрвію на CNN яго паставілі перад фактам за 20 хвілін да стрыму:
«Яно было непрадбачаным, нязначным, а можа і шкодным у дадзеным палітычным кантэксьце. Такое інтэрвію дакладна ня трэба было прызначаць на той жа час, што і даўно заплянаваную сустрэчу з дыяспарай.
Мы занадта часта разыходзімся ў меркаваньнях з атачэньнем Сьвятланы. Гэта праблема. Я ўсьведамляю, што павінен вырашыць гэтую праблему зь мінімальнымі выдаткамі для нашай агульнай справы».
Читайте еще
Избранное