Общество

У Камітэце ААН зарэгістравалі скаргу былой палітзняволенай журналісткі Ларысы Шчыраковай

Былую палітзняволеную журналістку Ларысу Шчыракову вывезлі з папраўчай калоніі за некалькі месяцаў да заканчэння тэрміну. Без рашэння суда і юрыдычнай працэдуры. Без адваката і яе згоды.

Ларыса Шчыракова і Леанід Судаленка. Фота: з Фэйсбука Леаніда Судаленкі

«Заканадаўства Беларусі не прадугледжвае выдварэнне сваіх грамадзян, — напісаў праваабаронца Леанід Судаленка. — Не было рашэння суда аб вызваленні, як і рашэння аб выдварэнні. Не было права на абскарджванне. Фактычна пазбаўленне волі было спынена праз прымусовае выгнанне.

У Беларусі ў Ларысы засталіся пажылы бацька і сын. Падчас зняволення памерла маці. Клопат пра ўнука на сябе прыйшлось браць 90-гадоваму дзядулі.

Пасля вывазу яна атрымала ў Літве гуманітарную візу на адзін год. Афіцыйны запыт аб прававым статусе і праве пра яе вяртанне на радзіму беларускія органы ігнаруюць».

Паводле Судаленкі, 24 лютага была зарэгістраваная скарга ў Камітэце ААН па ліквідацыі дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын. «У звароце паставілі пытанне пра тое, ці можа дзяржава распараджацца лёсам сваіх грамадзян як прадметам палітычных дамоўленасцяў і называць выгнанне «вызваленнем»? Бо калі прымусовае выгнанне становіцца механізмам — гэта пагроза для кожнага!»