Общество

Уцёкі ад таварыша маёра. Гісторыя беларускай сям’і, якая зьехала за мяжу ад дзяржаўнай ідэалёгіі ў школах

Малы Васіль пачаў казаць на чырвона-зялёныя сьцягі ў горадзе: «Гэта сымбалі нашай зямлі». Ягонай сястры Каміле ў школе загадалі кідаць «гранаты» і танцаваць на выбарах. Іхныя бацькі сабралі дзяцей і пераехалі ў Польшчу. Радыё Свабода расказвае іхную гісторыю.

Чырвона-зялёныя шарыкі

Сям’я Юрыя і Ганны* (імёны ўсіх герояў артыкулу зьмененыя дзеля іхнай бясьпекі. — РС) пераехала зь Беларусі ў Польшчу сёлета. Асноўнай прычынай эміграцыі сталі не палітычныя рэпрэсіі (на сямейнікаў не заводзілі палітычныя справы), а ідэалёгія, у якой выхоўвалі іхных дзяцей у садку і школе. Дачка Каміла ходзіць у пачатковую школу, сын Васіль у дзіцячы садок.

— Калі з дачкой можна было размаўляць — дзякуючы ейнаму ўзросту яна сама магла адфільтраваць інфармацыю — то з сынам гэтага не ўдавалася, — прызнаецца маці.

У школе, заўважае суразмоўца, да ідэалягічных акцыяў часта прыцягваюць менавіта дзяцей, якія добра вучацца. Такою была і ейная дачка.

— Мы пастаянна пападалі пад раздачу, — успамінае маці.

Яна кажа, што ідэалёгія пачыналася ў першы ж дзень навучальнага году.

— Пачынала напружваць з 1 верасьня. Я разумею, што на ўсё можна заплюшчыць вочы. Не заўсёды атрымлівалася. Кожнаму дзіцяці ўручаюць сьцяжок (чырвона-зялёны. — РС) або табе за свае грошы трэба купіць чырвоны або зялёны шарык, і гэта кантралюецца: хто зь дзіцем прыйшоў з шарыкам, а хто не. Здаеш 5 рублёў. Калі гэтыя 5 рублёў з кожнага дзіцяці патраціць на рамонт школы, атрымаецца шалёная сума. А мы трацім на шарыкі, якія потым выкінуць, — кажа яна.

Сёлета на першым уроку ў Беларусі школьнікі таксама будуць абавязаныя слухаць выказваньні Лукашэнкі і пісаць ліст піянэрам 2075 году. Гэта новаўвядзеньне. Ганна расказала, што раней іхная настаўніца магла і не ўключыць прамову Лукашэнкі дзецям, хоць ад яе патрабавалі.

Кіданьне «гранатаў» і таварыш маёр

З словаў Ганны, ейную дачку запрашалі ўдзельнічаць у спартовай вайскова-патрыятычнай гульні «Зарнічка». Гэта нашчадак савецкай гульні «Зарніца», якую прыдумалі ў 1960-х гадах. Яна мелася імітаваць баявыя дзеяньні падобна да вайсковых вучэньняў. У тыя гады гульню праводзілі нават сумесна з вайскоўцамі.

Як адзначае Ганна, некаторыя складнікі «Зарнічкі» выглядаюць «бяскрыўднымі», як правілы дарожнага руху. Але ёсьць і ваенізаваныя складнікі.

—Ёсьць спартовы разьдзел, дзе трэба кідаць на трапнасьць, але менавіта «гранаты». Мяне гэта не задавальняе. «Гранаты» — гэта мячыкі. Гэта ў іх у палявых умовах вайсковая падрыхтоўка. У іх нават форма была з барэтамі, як вайсковая. Асобны разьдзел: сымбалі, гісторыя якая патрэбна — ідэалягічная, сьцяг, герб, хто прэзыдэнт Беларусі. Калі пачалі кідаць «гранаты», мы выбылі, — маці расказвае, як адмовілася ад удзелу ў «Зарнічцы».

Дзеці з патрыятычнага клюбу вітаюць міністра ўнутраных справаў Івана Кубракова

Суразмоўца кажа, што бачыла фатаздымкі з гэтай гульні, на якіх дзеці фатаграфаваліся з парадам вайскоўцаў, аддавалі ім пашану.

—Чалавек, які рыхтаваў іх да гэтага, адказны за ідэалягічнае выхаваньне ў школе. Ён патрабаваў называць яго «таварыш маёр». Хлопчыкі абавязаныя былі аддаваць яму пашану, — расказвае Ганна.

Яна ўспамінае, што шмат ўвагі ў школе надаюць Вялікай Айчыннай вайне (так у афіцыйнай практыцы называюць падзеі Другой усясьветнай вайны. — РС).

— Месяц да 9 траўня і месяц пасьля ўсё прысьвечана толькі гэтай тэматыцы, — рэзюмуе Ганна.

Старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Міхаіл Орда наведвае дзяцей у патрыятычным клюбе

Танцы для палітыкі

Дырэктарка школы, успамінае Ганна, «старалася выслужыцца» перад вышэйшым кіраўніцтвам. Пасьля заканчэньня чарговага навучальнага году яна вырашыла не ўручаць дзецям, якія добра вучыліся, дыплёмы, хоць Каміла доўга гэтага чакала.

— Затое ў нас выступалі міліцыянэр і сьвятар. Яны ўсе стаялі на чырвонай дарожцы. А на дзіця часу не знайшлося. Было вельмі крыўдна, — кажа маці.

Удзельнікаў вайскова-патрыятычнага клюбу «Зубар» у Касьцюковічах бласлаўляе праваслаўны сьвятар

Каміла ў школе хадзіла на бясплатны гурток танцаў. Ёй там падабалася, у яе добра атрымлівалася. Аднак і танцавальныя групы сталі ўцягваць у палітычныя падзеі.

— Дзяцей пачынаюць зьбіраць, арганізоўваць танцаваць на выбарах, на гарадзкіх мерапрыемствах такога ж кшталту. Нам давялося сысьці з танцаў, каб не ўдзельнічаць у гэтым усім, і хадзіць у прыватныя (танцавальныя) школы, — шкадуе Ганна.

Яшчэ адзін момант, які ёй не падабаўся ў школе, — вялікая ўвага, якую надавалі чыстапісаньню, правільнаму почырку. За гэта маглі зьніжаць ацэнкі.

— Я разумела, што гэта няслушна, але тэрарызавала сваё дзіця: пішы акуратней. У яе не атрымлівалася. Колькі клетачак адступіць, колькі зьлева, справа, зьверху. Мы сядзелі ўсю першую клясу і лічылі клетачкі, а не задачу рашалі. Афармленьне сшыткаў за год мянялася. Як правільна пісаць: «ученицы» або «учащейся»? Гэта прынцыповая розьніца. Цэлае міністэрства сядзіць і вырашае. Мне здаецца, гэта лухта, — мяркуе суразмоўца.

Яна цешыцца, што ў польскіх школах на такое зважаюць менш. Там больш увагі надаюць зьместу заданьняў, а ня форме.

Школьная форма і мабільныя тэлефоны

З гэтага году ў Беларусі плянуюць забіраць у дзяцей тэлефоны на час заняткаў. У школах паставілі спэцыяльныя шафы для гэтага.

— Усе дзеці плянуюць браць тэлефоны з сабой. Здаць нейкі, а патрэбны ўзяць з сабой, — расказвае Ганна, як дзеці маюць намер выходзіць з сытуацыі абмежаваньняў.

Яна мяркуе, што ў дзяцей нельга забіраць тэлефоны, трэба дамаўляцца інакш. Напрыклад, выключаць тэлефоны на час заняткаў, забараняць здымаць настаўнікаў.

Ганьне таксама ня надта падабалася ідэя школьнай формы.

— У нас гэтаму надаецца вялізнае значэньне. Толькі паспрабуй не прыйсьці ў туфлях! Няважна, што яны нязручныя. У нас была добрая настаўніца, якая не была «фанатычкай». Калі была лінейка, яна па-чалавечы прасіла: прыйдзіце ў школьнай форме. Нашая школьная форма, на мой погляд, была прыгожая. У іншых клясах гэта было больш прынцыпова — наколькі ў цябе адпаведныя нагавіцы ці спадніца, — расказвае суразмоўца.

Пры гэтым яна мяркуе, што дзецям нязручна хадзіць у школьнай форме, зручней у звычайным адзеньні.

— Часта настаўнікі і дырэктары несьлі такую думку: гэта робіцца, каб багатыя сем’і не вылучаліся на фоне бедных. На практыцы гэта не працуе. Нават клясычнае адзеньне можна купляць у розных крамах, розных брэндаў, рознай якасьці. Бедныя сем’і куплялі штаны прасьцейшыя, а багатыя — з усялякімі лэйбламі. Усё адно разьдзяленьне па вонкавым выглядзе было. Праблема, якую яны хацела вырашыць, не вырашалася, — кажа Ганна.

У польскіх школах дзеці могуць хадзіць у чым захочуць. Ганна бачыць у гэтым магчымасьць для самавыяўленьня. Яна дадае, што дарослыя людзі часта вытрымліваюць у офісах дзелавы стыль адзеньня і яшчэ пасьпеюць стаміцца ад пінжакоў.

— Усё гэта можна было разьвязаць. Але ў нейкі момант надакучае, і ня хочацца разьвязваць, зьбіраць грошы на падпіску на дзяржаўныя выданьні, — расказвае маці.

Ганна адзначае, што дачка крытычна ставілася да ідэалягічных момантаў у школе і ўмела гэтаму супрацьстаяць.

— Яна разумела і сама казала: «Мама, ты не ўяўляеш, што сёньня было!» і расказвала якую-небудзь гісторыю. Яна сама фільтравала, у чым яна хоча ўдзельнічаць, а ў чым не. Я за яе была спакойная, — дзеліцца маці.

Так, з словаў маці, дачка прынцыпова не сьпявала афіцыйны гімн Беларусі на ўроку музыкі, за што ёй паставілі адзнаку «незадавальняльныя паводзіны». Раней у садку яна сказала выхавальніцы, што тая хлусіць пра беларускія сьцяг і герб і што насамрэч яны адрозьніваюцца ад афіцыйных.

«Сымбалі нашай зямлі!»

Больш занепакоенасьці ў бацькоў выклікаў малодшы сын Васіль. Ганна расказвае, што ў дзіцячым садку малых хутка навучылі, як выглядаюць дзяржаўныя сымбалі, а яны цяпер у Беларусі мусяць быць ці не на кожным кроку. Дашкольнікам таксама шмат расказвалі пра Вялікую Айчынную вайну.

—Нашае ўражлівае дзіця праглынула гэта глыбока і надоўга. Дагэтуль нам выдае. Дзіця ідзе па горадзе, тыкае пальцам ува ўсе сьцягі і гербы і вельмі патрыятычна, з прыдыханьнем кажа: «Гэта сымбалі! Сымбалі нашай зямлі!» Адкуль малое дзіця будзе гаварыць такой мовай? Другі момант — гэта вайна, як нашыя дзядулі ваявалі, вызвалілі нашую зямлю ад ворагаў. Ідэалізацыя вайны. У яго зьявілася захапленьне вайной, — кажа маці.

На адкрыцьці беларускай школы ў Варшаве, верасень 2022 году. Ілюстрацыйнае фота

Суразмоўца адзначае, што нібыта ўсе моманты зь дзіцём можна прагаварыць дома. Але больш эфэктыўна гэта можна рабіць у старэйшым узросьце. У сёньняшняй Беларусі з малым дзіцём гаварыць на ідэалягічныя і палітычныя тэмы небясьпечна.

— Кажаш: «А вось была такая падзея» — і расказваеш пра Грунвальдзкую бітву. «А вось гістарычна быў пэрыяд, калі ў нас быў такі сьцяг. Ведаеш, многім людзям ён падабаецца». Але было вельмі страшна, што дзіця прыйдзе ў садок, пачне там гэта выдаваць і да нас узьнікнуць пытаньні, — разважае Ганна.

Бацькі баяліся, што за словы малога іхнай сям’і могуць прыпісаць «сацыяльна небясьпечнае становішча» дзяцей. Пры гэтым статусе дзіця могуць забраць ў прытулак. Таксама перажывалі, што за сынавы словы на іх могуць завесьці палітычную справу.

— У той жа час катэгарычна не хацелася казаць дзіцяці: «Я табе зараз раскажу, але ты маўчы і нікому не расказвай». Гэтаму падладжваньню не хацелася вучыць. У пэўнай ступені мы навучылі гэтаму старэйшае дзіця. У першыя гады (пасьля 2020 году. — РС) мы былі вельмі адважныя. Я магла прыйсьці ў школу ці садок і сказаць: «Што вы тут майму дзіцяці расказваеце?!»

Цяпер гэта ня так. Ня хочацца браць на сябе агонь. Рабіць зь дзіцяці партызана — не. Толькі зь сябе, але не зь дзіцяці, — адзначае Ганна.

«Лепш, чым аддаваць пашану таварышу маёру»

Суразмоўца мяркуе, што бацькі ў такой ідэалягічнай сыстэме могуць стаць неканкурэнтаздольнымі з настаўнікамі ў выхаваньні ўласных дзяцей, бо настаўнікі праводзяць зь дзіцём значна больш часу.

Ганна заўважае, што вакол яе многія бацькі падладжваюцца пад ідэалёгію дзяржавы, некаторыя не выкладаюць дзецям альтэрнатыўных поглядаў, маўляў, вырастуць, самі разьбяруцца. Многія не забараняюць дзецям ўступаць у «акцябраты». І камэнтуюць: «Інакш у нас было б, як ва Ўкраіне».

Ганна кажа, што многія знаёмыя паставіліся да іхнага выбару зь незразуменьнем і нават асуджэньнем. Асабліва крытычна адрэагавалі больш «сьвядомыя беларусы»: калі не пагражае турма, то можна было б выхоўваць дзяцей на радзіме. Старэйшая дачка не хацела зьяжджаць, бо прывыкла да сваёй клясы ў Беларусі, у яе там былі сябры. Дый самыя бацькі да апошняга адкладалі гэтае рашэньне.

— Там (у Беларусі. — РС) цяжка прачынацца з думкай, што ты ўсё гэта ненавідзіш, а тут (у Польшчы. — РС) ты не ненавідзіш, хоць цябе гэта пужае, — тлумачыць яна.

Ганна кажа, што і ў Польшчы дома яны зь дзецьмі будуць размаўляць па-беларуску і па-расейску, як і раней, чытаць беларускамоўныя кнігі, імкнуцца захаваць беларускую ідэнтычнасьць.

— У грамадзтве, я ўпэўненая, яны апалячацца ў сэнсе мовы, побыту, прывычак. Гэта выбар. Перад тым як прыняць рашэньне, мы гэта ўзважвалі. Паміж гэтым і тым я выбіраю гэта, бо тут я магу свабодна расказваць пра гістарычныя падзеі, выкладаць сваё бачаньне. Я разумею, што нашыя ўнукі з імавернасьцю 90% будуць палякамі. Ад гэтага вельмі непрыемна. Але гэта лепш, чым мае ўнукі будуць аддаваць пашану таварышу маёру, — падсумоўвае яна.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 3(8)