Карбалевіч пра фэномэн Статкевіча: Гэта заяўка на тое, каб стаць «беларускім Нэльсанам Мандэлам»

Адмовай пакідаць Беларусь вызвалены з калёніі Мікола Статкевіч ня проста вярнуўся ў беларускую палітыку — ён увайшоў у беларускую гісторыю. Піша палітычны аглядальнік Свабоды Валер Карбалевіч.

Мікалай Статкевіч, архіўнае фота

Культавая фігура апазыцыі

І дасюль, да апошняга ўчынку — наканаванага кроку на беларуска-літоўскай мяжы, Мікола Статкевіч зьяўляўся культавай фігурай беларускай апазыцыйнай палітыкі. Вэтэран барацьбы за дэмакратычную Беларусь, тройчы прызнаны Amnesty International вязьнем сумленьня, ён у пэўным сэнсе стаяў асобна сярод іншых беларускіх палітвязьняў.

Аднак сваім цяперашнім учынкам Статкевіч не проста вярнуўся ў беларускую палітыку, ён увайшоў у беларускую гісторыю. І тая карціна самотнага мужчыны на мяжы, верагодна, стане ня проста кадрам шматлікіх дакумэнтальных фільмаў пра Беларусь, але найбольш выразным сымбалем беларускага супраціву.

Гэта заяўка на тое, каб стаць своеасаблівым нацыянальным «графам Монтэ-Крыста» ці «беларускім Нэльсанам Мандэлам».

Чалавек, асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі, адмаўляецца ад свабоды на чужыне і вяртаецца дадому за краты. Тут шэксьпіраўская драма:

«Альбо цярпець удары,

Каменьні, стрэлы яраснага лёсу,

Альбо узброіцца на мора крыўд

I зьнішчыць іх змаганьнем».

Мікола Статкевіч увасобіў тыповы вобраз апазыцыйнага палітыка Беларусі. У чым тыповасьць? У выніку ўстанаўленьня дыктатарскага рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, дэмантажу дэмакратычных інстытутаў і мэханізмаў, прадстаўнічых органаў улады, рэальных выбараў, палітыкі парлямэнцкага тыпу аказаліся незапатрабаваныя. Хоць цяжка ўявіць Статкевіча ў такім статусе.

У выніку адзіным спосабам палітычнай барацьбы ў Беларусі сталі вулічныя акцыі. На першы плян выйшлі палітыкі, здольныя ўзначаліць вулічную барацьбу. Мікола Статкевіч становіцца галоўнай постацьцю такога апазыцыйнага супраціву.

Сам апазыцыянэр вылучыў канцэпт, сэнс якога палягаў у наступным. Лукашэнка перамагае, бо дэманструе вобраз моцнага, крутога палітыка. І перамагчы яго можа толькі яшчэ больш круты, моцны, сьмелы, нязломны, бясстрашны супернік. Менавіта такую ролю Статкевіч узяўся ажыцьцяўляць. Таму і стаў важнай сымбалічнай фігурай апазыцыі.

Мікола Статкевіч на беларуска-літоўскай мяжы. Кадр з камэры назіраньня на мяжы. 11 верасьня 2025

Статкевіч і 2020 год

Адначасова Мікола Статкевіч стаў асабістым ворагам Аляксандра Лукашэнкі. Бо той ня ведае, што зь ім рабіць, звыклыя мэтады тут не працуюць. Перад моцным праціўнікам Лукашэнка ў пэўным сэнсе бянтэжыцца.

Зьвярніце ўвагу на сустрэчу кіраўніка дзяржавы са знакавымі фігурамі апазыцыі ў СІЗА КДБ 10 кастрычніка 2020 году. Статкевіча не запрасілі, бо мог сарваць увесь сцэнар, паблажліва-спакойны тон той размовы.

Невыпадкова Статкевіча затрымалі амаль за два месяцы да пачатку пратэстаў, 31 траўня 2020 году, па дарозе на пікет па зборы подпісаў за вылучэньне Сьвятланы Ціханоўскай кандыдаткай у прэзыдэнты.

Улады адчувалі насьпяваньне народнага выбуху. Таму вырашылі зрабіць прэвэнтыўныя захады, нэўтралізаваць палітыкаў, якія маглі стаць арганізатарамі і цэнтрамі крышталізацыі пратэстаў.

Сам Статкевіч незадоўга да арышту пісаў:

«Я думаю, што ёсьць некалькі чалавек, гатовых узначаліць Плошчу. Але я буду рабіць усё магчымае, каб таксама самому дайсьці да гэтай Плошчы і зрабіць тое, чаго чакае ад нас беларускі народ», — пісаў ён. Але не дайшоў.

Сёньня асабліва зразумела, што ў крытычныя дні жніўня-верасьня 2020 года пратэстоўцам не хапала лідэраў, кшталту Статкевіча, якія маглі б выкарыстоўваць патэнцыял пратэсту больш эфэктыўна. Будзь Статкевіч тымі днямі на волі, беларуская гісторыя магла пайсьці зусім іншым шляхам.

Зламаны сцэнар

Цяперашнім учынкам Мікалай Статкевіч часткова паламаў сцэнар усяго перамоўнага працэсу між Менскам і Вашынгтонам, паставіў у няёмкае становішча ўсіх гульцоў гэтай палітычнай драмы.

На прэсавай канфэрэнцыі ўсе былыя палітвязьні дзякавалі адміністрацыі Дональда Трампа за вызваленьне. Аднак у гэтую бочку мёду Статкевіч сваім учынкам уліў лыжку дзёгцю.

Пасьля мінулага вызваленьня і выгнаньня з краіны 14 палітвязьняў, у ліку якіх быў Сяргей Ціханоўскі, Лукашэнка выказаў папрок амэрыканцам. Маўляў, мы дамовіліся, што вывезеныя ў Літву зьняволеныя будуць маўчаць, ніяк не камэнтаваць тое, што зь імі адбывалася. Аднак яны загаварылі, і атрымоўваецца што перамоўшчыкі ЗША не выканалі ўмовы.

Цяпер, пасьля дэмаршу Статкевіча, падобнага кшталту папрокі могуць быць яшчэ больш актуальнымі. Маўляў, мы пра такое не дамаўляліся, вы павінны былі вывезьці ў Літву ўсіх, каго вызначылі.

Мікола Статкевіч падаў прыклад. Ня факт, што ім не скарыстаюцца іншыя палітвязьні падчас наступных вызваленьняў з выгнаньнямі. Абгавораны сцэнар размываецца.

У дыскусіях на гэтую тэму ў сацыяльных сетках прарываюцца намёкі на тое, што сваім крокам Статкевіч паставіў у няёмкае становішча іншых вывезеных у Літву зьняволеных. Бо паўстае нямое пытаньне: чаму толькі адзін Статкевіч рашыўся на такое?

Ну і, зразумела, ён стварыў праблему для Лукашэнкі. Усім відавочна маральная перамога Статкевіча. Бо перад карнай сыстэмай краіны была пастаўленая задача ня проста нэўтралізаваць апанэнтаў, а маральна зламаць іх.

Невыпадкова па ўсіх каналах дэманстравалі «пакаяльныя» відэа людзей, што апынуліся за кратамі.

Статкевіч ня толькі не зламаўся, а кінуў публічны выклік аўтакрату, прычым на вачах сусьветнай супольнасьці. Ён паставіў на кон ня толькі ўласнае здароўе, а сваё жыцьцё.

Прычым, на фоне Лукашэнкі, які змагаецца за ўладу, Статкевіч ахвяруе жыцьцём за ідэю. Гэта ў наш прагматычны час сапраўдны геройскі ўчынак.

У пэўным сэнсе крок Міколы Статкевіча можна параўнаць зь учынкам расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, які вярнуўся ў Расею, трапіў за краты і там памёр. Але ўсё ж ёсьць пэўная розьніца.

Калі Навальны вяртаўся, то быў невялікі шанец, што Ўладзімір Пуцін не рашыцца яго арыштаваць. А калі ўжо арыштуюць, то павінен быць публічны суд, які лідэр расейскай апазыцыі выкарыстаў, ператварыў у палітычны спэктакль з сабою ў галоўнай ролі.

У Міколы ж ніякіх ілюзій, што яго не затрымаюць, не было. І ніякага публічнага суду ня будзе, а будзе зноў рэжым інкамунікада.

З палітвязьня ў палітыкі

Можна меркаваць, што Лукашэнка такіх дзеяньняў Статкевічу не даруе і будзе жорстка помсьціць. Вось Марыя Калесьнікава таксама адмовілася пакідаць Беларусь, парвала пашпарт на мяжы. І Лукашэнка ёй помсьціць. Адмаўляецца вызваляць, хоць шмат замежных дзеячаў прасілі за яе; заходнія журналісты, якія бралі ў яго інтэрвію, увесь час узгадвалі Марыю. Тым ня менш, у ніводны сьпіс вызваленых палітвязьняў яна ня трапіла.

Акрамя ўсяго іншага, з гледзішча Лукашэнкі, ізаляцыя Статкевіча грунтуецца і на чыста палітычных разьліках. Хоць у Беларусі ўсё «закатана ў асфальт», але раптам Мікола Статкевіч разбудзіць сьпячае грамадзтва?

Мікола Статкевіч і Сяргей Ціханоўскі падчас судовага прысуду 14 сьнежня 2021 году

Мінулы раз Статкевіча вызвалілі ў 2015 годзе паводле працэдуры памілаваньня, бо Лукашэнка ўзяў курс на размарожваньне адносін з Захадам. Апазыцыянэр выйшаў на волю ў момант, калі беларускае грамадзтва не адышло ад шоку, зьвязанага з падзеямі ва Ўкраіне.

Падчас другога Майдану загінула каля 100 чалавек, потым пачалася ваенная агрэсія Расіі, якая захапіла Крым і Данбас. У выніку гэтых падзеяў у беларускім грамадзтве зацьвердзіўся страх перад вулічнымі акцыямі. На нейкі час апазыцыя адмовілася ад заклікаў выходзіць на вуліцы з пратэстам. Прэзыдэнцкія выбары 2015 года — адзіныя выбары ў гісторыі лукашэнкаўскай Беларусі, якія прайшлі без вулічных акцый.

Статкевіч паспрабаваў паламаць гэтыя настроі. Ён нават абвінавачваў тагачасных лідэраў апазыцыі ў капітулянцтве. Статкевіч арганізаваў некалькі нешматлікіх акцыяў. І ў рэшце рэшт разварушыў грамадзтва — у 2017 годзе адбыліся гучныя акцыі «дармаедаў». Статкевіч спрычыніўся да пераадоленьня «сындрому майдана», псіхалягічнага парога, страху перад вулічнымі пратэстамі.

У любым выпадку, сваім цяперашнім крокам Мікола з палітвязьня ператварыўся ў палітыка. Заплаціўшы за гэта вельмі высокую цану.

Даказаўшы, што і адзін у полі воін. За няроўным двубоем Лукашэнкі з Статкевічам цяпер будуць сачыць ня толькі беларусы.

На гэтым тле сьмешна выглядаюць лукашэнкаўскія прапагандысцкія «боты», якія ў тыктоку абвінавачваюць Статкевіч у тым, што ён… сапсаваў дзьверы аўтобуса на памежным пераходзе. Нічога лепшага не прыдумалі, як зьвесьці палітычную легенду да дробнага хуліганства. Альбо бяздоказныя накіды Азаронка з Васкрасенскім, што ён уцёк у Літву. Такі невысокі палёт фантазіі выдае разгубленасьць уладаў.

Оцените статью

1 2 3 4 5

Средний балл 5(7)