«Як толькі перайшла мяжу, адчула – у бяспецы»
Беларуска ў Літве распавяла «Салідарнасці» пра эвакуацыю, узаемападтрымку па-над межамі і шчаслівы лёс, у які варта паверыць.
Ператрус КДБшнікаў, «суткі» і крымінальная справа, экстраная эвакуацыя, шэлтар і літаральна выцягванне сябе з дэпрэсіі, каб хутчэй стаць на ногі і дапамагаць іншым.
Гісторыя беларускі Юлі (імя нашай гераіні змененае з меркаванняў бяспекі — С.) уражвае нейкай унутранай цеплынёй і аптымізмам, які, як і беларуская салідарнасць, прабіваецца нават скрозь асфальт.
Мы пагутарылі з Юліяй пра эвакуацыю з краіны, узаемападтрымку беларусаў у краіне і за мяжой і планы, якія крок за крокам рэалізуюцца.
«Наогул не ведала, куды еду»
Яе ад’езд быў тэрміновым. Бо да яго напрыканцы 2024 года беларуска правяла 20 сутак на Акрэсціна: 10 — пад адміністрацыйным арыштам, і яшчэ 10 — да вынясення прысуду. Яе выпусцілі пад падпіску аб невыездзе, але папярэдзілі, што Юля застаецца падазраванай па крымінальнай справе «аб спробе дзяржперавароту».
— Было вельмі страшна і нечакана, калі зранку ў дзверы пагрукалі КДБшнікі, — згадвае Юля. — Правялі такі ператрус, што на падлозе рэчы былі раскіданыя слоем па калена, не прайсці…
Потым былі «суткі», але я ледзь дамаглася, пад адваката, каб мне аддалі пашпарт — і разумела, што гэтым не скончыцца. Таму адразу звярнулася ў BYSOL, патлумачыла сітуацыю — мяне эвакуявалі.
З’ехаць, праўда, удалося не адразу — у прызначаны дзень чалавек, з якім я была на сувязі, вельмі доўга не адказваў, штосьці не атрымлівалася, і ў мяне здарыўся нервовы зрыў. Але потым прызначылі другую дату — і ўсё атрымалася, мяне «вялі» па адмысловым маршруце, у кожным новым пункце тлумачылі, што рабіць далей. І я вельмі ўдзячная камандзе BYSOL: толькі калі сама атрымліваеш такую дапамогу, разумееш, наколькі гэта важна і каштоўна.
Я наогул не ведала, куды еду — толькі што гэта будзе Літва, бо хутчэй за ўсё зрабіла літоўскую візу. Вырашыла, што паеду ў Вільню — і пакуль дабіраюся, магу зняць на букінгу што-небудзь, каб перавесці дух і зразумець, што рабіць далей. А мне адказалі, што ёсць іншая магчымасць — і далі кантакт і адрас шэлтара «Краіны для жыцця», маршрут, як дабірацца з вакзалу.
Час у шэлтары Юля згадвае з вялікай цеплынёй — спакойная абстаноўка, прырода, свой пакой, утульны дворык, можна і знайсці час і месца, каб пабыць аднаму, і добрую кампанію на шашлык і гутарку, калі, наадварот, цяжка ў самоце.
— Першае, што я зрабіла праз дзень ці два — гэта пайшла ў лес, пешкі пару кіламетраў, і абняла дрэва, — усміхаецца беларуска. — Нібыта «зазямлілася» такім чынам. Бо ведаеце, адчуванне было — што я падскочыла і завісла ў паветры, як шарык, і незразумела, у які бок далей рухацца.
За час, які пражыла ў шэлтары, завяла і новых знаёмых, і пасябравалася з некаторымі, і апрытомнела, бо заўжды адчувала ўзаемападтрымку і тое, што не застануся сам-насам са сваімі складанасцямі.
Мы і сёння падтрымліваем адносіны і стасуемся ў чаце, былыя жыхары, хто ўжо стаў на ногі, прыязджаюць і прывозяць дапамогу, хто што можа: рэчы, харчаванне,сродкі гігіены і бытавой хіміі.
«І сёння ўнутры краіны ёсць людзі, якія нешта робяць і трымаюцца разам»
— У Беларусі я была вельмі запалоханая — і наогул, і тым, што адбывалася менавіта са мной. Цяпер я гэта выразна разумею. А тады проста назапашвалася ўсё, жыла ў рэжыме праца-дом, а ў выходныя проста адлёжвалася. Нешта і хацелася б рабіць, але сіл хапала хіба на самыя элементарныя рэчы: хадзіць на працу, мінімальную чысціну падтрымліваць і самой выглядаць больш-менш па-чалавечы.
Толькі справы, якімі займалася — а я была лідаркай у супольнасці, мы з мясцовымі актывістамі падтрымлівалі сем’і палітвязняў, я валанцёрыла і ў 2022 годзе, і пазней, — неяк матывавалі і дапамагалі рухацца.
Я ведаю, што і сёння ёсць людзі ўнутры краіны, якія нават у атмасферы агульнага страху нешта робяць і застаюцца разам. Дакладна ведаю, што на нашы грошы ўдалося набыць і перадаць аднаму з палітвязняў патрэбныя рэчы — яго сям’я была вельмі ўдзячная, бо збор перадач справа нятанная і цяжкая.
А ў Літве неяк адразу, як толькі перайшла мяжу, адчула: я ў бяспецы. У шэлтэры таксама. Хоць і ўпершыню ў жыцці і запрасіла дапамогу псіхолага, але пасля двух сесій ужо зразумела, што далей спраўлюся сама.
Магчыма, у мяне быў меншы стрэс, чым у некаторых іншых уцекачоў, бо раней шмат разоў была ў Вільні, то і адпатавалася даволі хутка. Так, мне падказвалі, і гэта вельмі важна, як афармляць дакументы, запаўняць міграцыйныя анкеты. Дый зараз любыя пытанні, якія ўзнікаюць, я магу задаць, — і мне дадуць падказку, як і што рабіць.
Даволі хутка я і сама пачала актыўнічаць — бо гэта тое, што мне дапамагае ачомацца. У лютым 2025 года было нацыянальнае літоўскае свята (16 лютага, дзень аднаўлення Літоўскай дзяржавы — С.), па вуліцах Вільні прайшлі калёны з факельным шэсцем — і я далучылася да міжморскай калоны пад бел-чырвона-белым сцягам.
Гэты марш надаў сіл, бо акурат у той перыяд у мяне быў цяжкі эмацыйны стан: ні жытла свайго, ні грашовага запасу, невядомасць з візай, з працай — і ўсё гэта невызначана.
І потым хадзіла на мітынгі нашы беларускія, якія праходзяць штотыдня, знаёмілася з людзьмі, бачыла, колькі іх — і таксама рабілася лягчэй.
Дый зараз, як магу, падтрымліваю навічкоў, актыўнічаю ў суполцы, рыхтуемся з беларусамі да гадавіны 9 жніўня. Гэта моцна падтрымлівае, бо застацца адной і нічога не рабіць — не, я так не магу.
Юлін няўрымслівы характар дапамог ёй, яшчэ нават не атрымаўшы ВНЖ, самастойна знайсці сабе першую працу. Зрэшты, сама яна ў тым, як склаліся абставіны, бачыць хутчэй шчаслівы лёс, чым уласную прабіўную сілу:
— Шчаслівым лёсам, лічу, я выйшла з Акрэсціна, а не адправілася ў СІЗА. Магчыма, яны паверылі, што я такі паслухмяны, рахманы чалавек, які нікуды не рванецца, а будзе чакаць прысуду.
Калі хадзіла ў СК за пашпартам, следчы гэтак з намёкам пытаўся: «Вы ж разумееце, што з’ехаць за мяжу — гэта не выйсце?» — «Канешне, не, — кажу, — у мяне ж падпіска аб нявыездзе». Але падманула іх. І зноў жа, пашанцавала — збегла. А тут легалізавалася досыць хутка, працу знайшла — няма на што скардзіцца.
«Тут ёсць і клумбы з трускалкамі паміж кветак, і парк, дзе растуць парэчкі і іх можна збіраць»
— Негатыўных уражанняў ад краіны і людзей у мяне няма, я досыць добра кантачу з літоўцамі. У станоўчым сэнсе ўражанні — я не так шмат ведаю аб мясцовым самакіраванні тут, але калі працавала ў дастаўцы, бачыла, як прыгожа зробленыя двары (кветкі, чыстыя і акуратныя пад’езды, як мадэрнізаваныя самі старыя пяціпавярховікі) — шмат такіх нібыта дробных, але пазітыўных момантаў, якія было б добра пераняць і ў нашай краіне.
Дый цяпер я ў вельмі прыгожым курортным месцы, і таксама бачу, як усё добра дагледжана — беларускія санаторыі не такія.
Я сядзела «суткі» з дзяўчатамі з экалагічнай ініцыятывы, якім далі крыміналку — і адразу прыгадала, што яны расказвалі пра гарадскія агароды, пра «зялёны» накірунак у горадзе. Тут усё гэта ёсць: і клумбы з трускалкамі паміж кветак, і парк у Вільні, дзе растуць парэчкі — гэта далёка ад дарогі, і іх можна есці і збіраць.
Або, напрыклад, забарона феерверкаў, каб не замінаць птушкам і не нашкодзіць людзям з псіхафізічнымі асаблівасцямі. Асобны збор смецця, які рэальна працуе, перапрацоўка тары — калі вяртаеш сабе грошы за здачу бутэлек у тараматах, гэта таксама дысцыплінуе.
Для сябе я ўсе гэтыя моманты запамінаю. Бо чалавек актыўны — і калі атрымаецца вярнуцца дадому, то хацела б нешта з гэтага досведу рэалізаваць у нас, у Беларусі.
Зрэшты, наконт вяртання Юля пакуль далёкіх перспектыў не малюе. А вось планы на бліжэйшы год ёсць, яны вельмі зямныя і канкрэтныя. Падзарабіць грошай і вярнуцца ў Вільню: зняць кватэру, уладкавацца на сталае месца працы, пайсці на курсы літоўскай мовы.
Ёсць у яе ў задумках і некалькі ініцыятыў, звязаных з беларускай супольнасцю — але пакуль яны дэталёва не распрацаваныя, агучваць іх рана, лічыць беларуска.
— А проста цяпер вакол мяне мора, дрэва, лес — і гэта для мяне найлепшы псіхолаг, — усміхаецца Юлія. — Тыя страхі і праблемы, якія перажывала апошнім часам у Беларусі, нібыта раствараюцца.
Читайте еще
Избранное